Першая віртуальная энцыклапедыя народных строяў Беларусі: новы падыход да аднаўлення гісторыі

«Традыцыйны строй» — іміджавы праект, накіраваны на відэафіксацыю аўтэнтычных рэгіянальных строяў і інтэграцыю іх у сучаснае грамадства.

dsc_2609.jpg

Паступовае знікненне і забыццё традыцыйных строяў як адметнай часткі культуры беларусаў дало штуршок камандзе культурніцкага аб’яднання “Традыцыя” распачаць працу над праектам. Дагрукацца да грамадства, зацікавіць і захаваць нацыянальны знак ідэнтычнасці — галоўная мэта запланаванай дзейнасці. Прафесійны і сучасны падыход дазволіць рэалізаваць праект на высокім узроўні, не застацца ў коле аматараў этнаграфіі. 
 
Праект “Традыцыйны строй” — гэта першая онлайн энцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі. Яна будзе змяшчаць каля 15 відэакліпаў ды шэраг майстар-класаў. Да кожнага відэакліпа будзе далучана адмысловая інфармацыя з дэталёвым тлумачэннем рэгіянальных адметнасцяў. Унікальная на беларускай прасторы форма відэаролікаў прывабіць не толькі сталых прыхільнікаў нацыянальнага строя, але і недасведчанага чалавека.

dsc_2702.jpg

Глядач атрымае адначасова эстэтычнае задавальненне і разуменне асаблівасцяў беларускай традыцыйнай культуры. Пераклад на ангельскую мову дасць магчымасць прывабіць і міжнародную аўдыторыю. Таксама каманда бачыць патэнцыял праекта “Традыцыйны строй” у стварэнні адмысловага брэнда экаадзення (папулярызацыя экалагічных матэрыялаў) як адзін са шляхоў інтэграцыі праекта ў грамадстве.

dsc_2571.jpg


Праект рэалізуецца сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, праводзяцца адпаведныя даследаванні, нарыхтоўваецца матэрыял - якасць і дакладнасць праекта не пакідае сумневаў. 
Паводле прэс-рэліза