Пасьля арышту рэдактара газэта аднавіла выхад праз месяц: на двары быў 1925 год

Браніслаў Туронак выдаваў у Вільні газэту «Крыніца», друкаваны орган Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. У жніўні 1925 года польскія ўлады кінулі яго за краты, у знакамітую вязьніцу Лукішкі. Выданьне было зачыненае, але неўзабаве рэдакцыя заснавала працяг гэтага медыя – «Беларуская Крыніца». Аб чым пісалі 99 гадоў таму?

«Беларуская Крыніца»

«Беларуская Крыніца»

Пра лёс спадара Туронка і газэты падрабязна напісалі ў першым нумары

17 жніўня 1925 года па загаду сьледавацеля ІІІ вокругу места Вільні быў арыштаваны рэдактар «Крыніцы» Б. Туронак і пасаджаны ў вастрог на Лукішках. Аб арышце беларускага рэдактара польскія ўлады нават і не пафатагаваліся паведаміць ані рэдакцыю, ані каго-колечы з беларусаў. Праз два тыдні аб Б. Туронку нічога не было вядома. Толькі пасьля супрацоўнікі рэдакцыі даведаліся, дзе знаходзіцца рэдактар.

Пры арышце Туронку было заяўлена,што ён можа застацца на свабодзе, калі заплаціць 500 злотых залогу. Грошы не было, дык прыйшлося сесьці ў турму.

З турмы рэдактар Крыніцы напісаў да пракурора просьбу аб зьменшаньні яму залогу. Калі пасол ксёндз Адам Станкевіч, жадаючы дапамагчы Туронку, зьявіўся ў суд і прасіў яго так жа аб зьменшаньні залогу, дык суд залог гэты замест зьменшыць павялічыў да тысячы злотых.

Жаданыя грошы, дзякуючы добрым людзям, знайшліся і былі ўнесеныя, а Б. Туронак астаўся да суда на свабодзе. За ім лічыцца да дзесяцёх справаў за розныя артыкулы ў розных нумарох «Крыніцы» за два апошнія гады.

Але не канец на гэтым. Камісар Ураду Вільні паведаміў рэдакцыю Крыніцы, што па загаду пракурора «Крыніца» да разгляду справы спыняецца.

Такім чынам, як бачым, найстарэйшая ў Вільні беларуская газэта, пратрываўшы 9 гадоў, скончыла сваё мучаніцкае жыцьцё сьмерцяй ненатуральнай.

Мусім тут адзначыць, што «Крыніца» стойка трывала ў барацьбе за вызваленьне беларускага сярмяжніка і чэсна спаўняла прад ім свой доўг.

Ад сябе адзначым, што новае выданьне, «Беларуская Крыніца», пражыла яшчэ даўжэй – да 1937 года.

Польска-жыдоўская змова

З гледзішча сёньняшняга дня гэты загаловак, зь якога і пачынаўся першы нумар адноўленай газэты выглядае звыш правакатыўна. Аб чым вялася гаворка? Лішні раз таксама нагадаем, што ў беларускай мове слова жыд ніколі ня мела нэгатыўных сэнсаў, а было такім жа натуральным, як немец ці эстонец. Чытаем:

Няхай нашыя чытачы прыпомняць восень 1922 году. Тады былі выбары ў Польскі Сойм. Палякі былі прынялі такія крыўдныя для Беларусаў і ншых нацыянальных меншасьцяў законы аб выбарах, што, каб зьменшыць іх несправядлівасьць, усе нацыянальныя меншасьці мусілі зсябравацца. Гэтак быў утвораны беларуска-украінска-нямецка-жыдоўскі блёк.

Дзякуючы гэтаму блёку, хоць часткова была папраўлена несправядлівасьць выбіральнага закону. Гэтак Беларусы і іншыя скарысталі з дзяржаўнага сьпісу,а бяз блёку гэтага дапяць было немагчыма. Беларусы, ідучы ў гэты блёк,ведалі, што беларускаму народу крыўды ад гэтага жаднае ня будзе, таксама як ня было крыўды і іншым сябрам блёку. Наадварот, усім з гэтага была карысьць. Вось жа Беларусы тады рабілі з іншымі народамі ўмову дзеля лепшай абароны ад крыўды.

Але што тады чаўплі на Беларусаў Палякі! Усе, пачынаючы ад польскіх ксяндзоў і паноў і канчаючы эндэцкімі і «вызваленскімі» брахунамі, крычэлі, што Беларусы запрадаліся жыдам, што з гэтага блёку адны жыды будуць мець карысьць і гэтаму падобнае. Сьвятлейшыя людзі тады разьбіраліся, што гэта мана і ня верылі гэтаму, але некаторыя з цямнейшых верылі.

Прайшлі тры гады і нядаўна Палякі самі зрабілі ўмову з Жыдамі. Гэная ўмова ўжо зацьверджаная. Паводле гэнае ўмовы польскі ўрад будзе даваць грошы на жыдоўскія пачатковыя і сярэднія школы, матурысты жыдоўскіх сярэдніх школаў будуць прыймацца ў ўнівэрсітэты ў Польшчы, польскі Ўрад забароніць байкот жыдоў, жыдам дазваляецца гандляваць у нядзелі і хрысьціянскія сьвяты, польскі ўрад не дазволіць кірмашы ў суботы і іншае. Два апошнія пункты адносяцца толькі да беларускіх і ўкраінскіх земляў. У Польшчы, як і дагэтуль было,будзе жыдам і далей забаронена ў нядзелі і сьвяты гандляваць,а кірмашы могуць адбывацца ў суботы.

«Беларуская Крыніца»

«Беларуская Крыніца»

За гэта жыды: прызналі цяперашнія межы Польшчы, забавязаліся зрабіць уплыў на ўсіх іншых Жыдоў пад Польшчай,каб тыя спрыялі польскаму гаспадарству, жыдоўскі пасольскі клюб у польскім Сойме мае галасаваць за праэкты польскага Ўраду, жыды абяцаліся зрабіць уплыў на жыдоў замежных, каб тыя спрыялі польскай палітыцы. Пэўне так сама Жыды абяцалі сваім уплывам памагчы Палякам пазычыць у Амэрыцы грошы.

Апрача пунктаў яўных ёсьць яшчэ сакрэтныя пункты польска-жыдоўскае ўмовы. Сакрэтныя пункты бязсумліву скіраваныя проці непалякаў і няжыдоў (бо інакш іх не рабілі б сакрэтнымі), галоўна проціў беларусаў і ўкраінцаў.

Што зрабілі гэтаю ўмовая Жыды? Жыды здрадзілі Беларусаў (як і іншых) і варожа выступілі проці беларускага народу. Жыды маюць права дамагацца, каб польская канстытуцыя ў адносінах да іх была споўненая. Яны аднак гэтай дарогай не пайшлі, яны пайшлі на ўмову (нават часткова патайную) з палякамі, на ўмову, скіраваную выразна проці беларускага народу. Гэтай умовы сапраўды ня можна назваць інакш, як польска-жыдоўскай змовай проці Беларусаў і Ўкраінцаў.

Жыды за польскія ўступкі прызналі права Польшчы на Заходнюю Беларусь і Літву. Якое ж Жыды маюць права на беларускія землі? Ці за тое, што стагодзьдзі жылі з беларускага народу, яны маюць гэтым народам цяпер гандляваць? Жыды жывуць з беларускага народу, але спрыяць абавязаліся польскай уладзе і палітыцы,што скіраваны цяпер (а калі яны былі інакшыя?) проці беларускага народу. Жыды забавязаліся галасаваць у Сойме за праэкты законаў польскага ўраду. Тут маюцца на ўвазе праэкты шкодныя Беларусам, бо за добрыя (калі б такія былі) галасавалі б і Беларусы, на добрыя жаднымі змовамі нікога нагаварваць ня трэба. Жыды значыцца сваімі галасамі ў Сойме будуць надзяляць польскіх асаднікаў беларускай зямлёй! Гэта яны ўжо і зрабілі. Нядаўна пры галасаваньні ў Сойме закону аб парцэляцыі і асадніцтве беларускія і ўкраінскія паслы пратэставалі і выйшлі з паседжаньня, але жыды за гэты закон галасавалі.

Ня думайце, што Палякі за гэта даюць Жыдам штось польскае. Нічагусенькі падобнага! Свайго палякі даюць мала, ці праўдзівей нічога не даюць. Жыдам польскі ўрад абяцаў даваць грошы на школы, але гэтыя грошы і беларускія, бо і з беларусаў бяруць падаткі.

«Беларуская Крыніца»

«Беларуская Крыніца»

Да чаго ж імкнуцца сваёй умоваю Палякі?

Імкненьнем Палякаў дагэтуль было апалячыць усе народы, што лучылі пад польскую ўладу. За сем гадоў быцьця Польшчы Палякі да гэтае свае мэты сыстэматычна ішлі. Але аказалася, што спольшчыць нацыянальныя меншасьці немагчыма, што барацьба зь імі дорага абыходзіцца Польшчы.

Наш адказ павінен складацца з дзьвёх частак: адказу Палякам і адказу Жыдам.

Палякам мы павінны адказаць павялічанай нацыянальнай працай,шырокай усебаковай нацыянальнай арганізацыяй, асьведамленьнем і прапагандай мы зьніштожым усе польскія пляны проці беларускага народу.

Аб нашай палітыцы і тактыцы да Жыдоў пагутарым у далейшым нумары Беларускай Крыніцы.

Глядзіце таксама

Верш Казіміра Сваяка

Няўжо ўмру! Няўжо мяне дагнала

Яна – Любоўніца магіл?

Сачыла з лет малых і жудасна стагнала,

Калі мне звыш зсылаў Бог зь неба сіл...

Пацешся ж ты!.. Хоць не! – Ты толькі мрыя:

Цябе няма,ты выдумка сьляпых;

Як жыў – жыць буду. – Залатыя

Сны-зьявы сьніць буду аб сьвятых.

Сьвятых цудоўных вод крыніцах,

Якіх душа мая ўсьмягшы каштавала, -

Не! Сьмерці нет... а толькі ў граніцах

Жыцьця тайніцай меней стала.

Пляны Нямеччыны ў 1925 годзе

krynica__3_.png

У мінулым месяцы дабіліся звальненьня правінцыі, акупаваныя праз французаў і бэльгійцаў. Доўга немцы змагаліся з гэтай акупацыяй, многа паклалі працы і энэргіі, але ў канцы канцоў дабіліся свайго.

Цяпер немцы ізноў становяцца магутнай дзяржавай. Недалёкі ўжо час, калі немцы ўвойдуць раўнапраўным сябрам у Лігу Народаў, дзе пастараюцца зьнішчыць Вэрсальскі Трактат, зьвязваючы яе. Цяпер немцы паставілі на парадак дня прылучыць да сябе Аўстрыю, а потым Шлёнск, Гданьск і польскі калідор. Плянам гэтым ня надта працівіцца Англія.

Хутка маюць адбыцца новыя перамовы з Польшчай, на якія Польшча пойдзе з уступкамі.

Дата на каляндары паказвала 20 верасьня 1925 года.

Глядзіце таксама