«Соткі год трымалі нас у кайданах няволі, соткі год атручвалі народ наш то польскасьцю, то маскоўшчынай»
Газэта «Вольная Беларусь» Язэпа Лёсіка выступала за незалежную дэмакратычную Беларусь. Выданьне выходзіла на сродкі Рамана Скірмунта. А калі ў 1918 годзе камуністы закрылі газэту, па ўспамінах Лёсіка «бальшавіцкія грабежнікі ачысьцілі рэдакцыю да апошняй паперкі». Давайце пагартаем.
Адрас рэдакцыі быў па вуліцы Захар’еўскай дом 18 у Менску (сёньняшні праспэкт Незалежнасьці беларускай сталіцы). Першы нумар выйшаў 10 чэрвеня 1917 года.
Галоўнай падзеяй, безумоўна, стала сьмерць напярэдадні паэта Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды Зьмітрок Бядуля падрыхтаваў кранальны тэкст.
«Плач, бедная маці Беларусь… Лій сьлёзы – нядоля агарнула цябе… ты страціла аднаго з найлепшых сыноў тваіх…
Асірацелі вы, нівы нашыя, бары і пушчы…
Той, каторы апяваў вас у сваіх цудных лірычных песьнях, пайшоў да Бога… Скончыўся вясной – на вясьне жыцьця свайго, у самай раньняй маладосьці, маючы ўсяго 26 гадоў. Памёр адзінокі, на чужыне, у Ялце, на беразе мора, дзе ён лячыўся ад сухотаў.
Шмат ты ад яго спадзявалася, бедная Беларусь. Праўда, шмат ён і зрабіў, але мог зрабіць болей.
З таго часу, як «упалі з грудзей Пана Бога, парваўшыся пацеркі зор», што «так маркотна і пільна на край мой радзімы глядзяць», з таго часу ўжо 8 гадоў, як ён пачаў свае першыя вершы ў газэце «Наша Ніва», — кожны з нас нецярпліва чакаў усё новых і новых твораў яго.
Ляці, шэрая зяззюля з родных загонаў Беларусі ў далёкую Ялту! Закувай на адзінокай магіле найлепшага, найшчырэйшага сына Беларусі! Кажы яму, што гаротная Беларусь ніколі яго не забудзе. На скрыжалях адраджэньня роднага краю яго імя будзе зьзяць у небе Беларусі сьветлай зоркай навекі!»
Язэп Лёсік, у сваю чаргу, падрыхтаваў калёнку галоўнага рэдактара.
«Калі мы азнаёмімся зь вялікай кнігай гістарычнага лёсу народаў, дык хутка пабачымо і праканаемся, што ніводная нацыя, ніводзін народ на сьвеце ня меў горшага жыцьця, горшае гістарычнае долі, як наша старонка, наша родная Маці—Беларусь.
Але і слаўная мінуўшчына нашага краю! У той час як на Маскоўшчыне стаяла страшэнная цемра, у нас панавалі навука, прасьвета, шырока квітнела грамадзянскае жыцьцё. Цёмныя людзі Маскоўскага царства грамілі друкарні, гасілі прасьвету, баяліся кнігі ніраўнуючы як чумы ці халеры, тады як наша грамадзянства, ні здавальняючыся ўласным выхаваньнем, пасылала дзяцей сваіх да вышэйшых навук замяжу, дзеля большай адукацыі, дзеля лепшага выхаваньня.
І лепшыя, асьвечнейшыя людзі Масквы, як Курбскі, напрыклад, або Мсьціславяц ці Тодар Друкар, хаваючыся ад разьюшанага натоўпу, шукалі ратунку ў нашай бацькаўшчыне і знаходзілі тут братэрскі прывет і пашану.
Відаць, што на той час Беларусь была для Маскоўшчыны, як Швайцарыя ці Францыя нашага часу, куды ўцякалі ад царскага гневу лепшыя людзі дарэвалюцыйнай Расеі. Наагул, нацыянальная культура на Беларусі тады стаяла досыць высока, існавала рэлігійная вольнасьць, ня было нацыянальнага ўціску, і жыды, напрыклад, мелі роўныя правы з усімі людзьмі Літоўска-Рускай дзяржавы.
У 1517 годзе Францішак Скарына узяў на сябе справу вялікае вагі – пераклаў і выдаў Біблію на Беларускай мове «ку лепшаму выразумленію люду паспалітаго», як ён пісаў.
Ды ні так яно сталася, як жадалася. Беларусь заўсёды была прынаднай краінаю, смачнай лустаю і суседзі грызьлі яе з усіх бакоў. Немцы, або крыжакі, маскоўцы ці палякі – тыя ці другія скублі яе адтуль ці адгэтуль. А народ наш спакон веку быў ціхі і лагодны. Ён ня любіў ваяўніцтва і больш здольнасьці мае да сахі на полі, або да пяра на паперы. Ваяўніцкая шабля яму ні да густу. Сумныя песьні яго поўныя скаргі і жалю на ваенную калатнечу. Тым часам палітычнае жыцьцё вымагае зусім іншага.
У бязупынным змаганьні з нядоляй сваёю Беларусь страціла ўсё: сваю палітычную незалежнасьць, сваю школу, асьвету, законы (Літоўскі статут) ды нават імя свайго забылася. Мы сталі нацыяй бяз імя, народам бяз прозьвішча, гуртом “тутэйшых”, “простых” людзей, “дзядзькамі” з забраннага краю. Народ змогся, страціў апошнія сілы ды заснуў летаргічным сном.
Ад шчырага сэрца вітаючы вольнасьць Дзяржавы Расейскай, мы з набалелаю, пакутнаю душою рвемся да новага жыцьця, да культурна-нацыянальнага адраджэньня нашага народу. Мы цьвёрда ведаем, што гэткага моманту двойчы ня будзе і што страцім цяпер, таго не знойдзем ніколі. Наша сьвятая павіннасьць, доўг кожнага сьвядомага грамадзяніна і беларуса ня бавіць часу, а цяпер жа, да скліканьня Ўстаноўчага Сэйму, аддаць свае сілы і розум на службу многапакутнага народу.
Пойдзем на вёскі, на сёлы, пойдзем на фабрыкі, заводы, у крамы, канцалярыі і панясем туды сьвятло нацыянальнай палітычнай і грамадзянскай сьвядомасьці.
Мы ведаем, што трэ будзе змагацца ня толькі з забабонамі чужынцаў, але й з уласнаю цемрай, каторая спавіла нас чорнаю хмараю падчас панаваньня царскага самадзяржаўя.
Соткі год трымалі нас у кайданах няволі, соткі год атручвалі народ наш то польскасьцю, то маскоўшчынай, і цемра наша да жаху страшэнна густая і вялікая.
Цяжкі грунт нашай працы. Мо ні раз разабьемся мы да крыві, ні раз заплачам мы горкімі сьлязьмі, але без канца вялікая вера наша ў сьвятую справу нашу. І які б лёс ні спаткаў на даразе да нашае мэты, нішто нас ня затрымае м супыніць ня можа.
Да вялікай працы, браточкі, уставайця! Жыве вольная Беларусь!»
У жнівеньскім №14 можна знайсьці цікавую вестку са звычайнай вёскі Карпілаўка, што ў Вілейскім павеце:
«Нават і пры цяперашніх агульных пераменах, жыцьцё нашай вёскі зьмянілася мала. Калі і цікавяцца сяляне чым-небудзь, то хіба зямельнай справай, ды і то на столькі, на колькі яна тычыцца іх вёскі, іх гоняў. Як гэта справа разьбярэцца для ўсяго краю – гэта іх не абходзе.
Аб справах прасьветы і гаварыць няма чаго. Школы сваёй у вёсцы няма, была праўда, школа вярсты за дзьве, куды і ў дождж і ў холад але неяк хадзілі карпілаўскія дзеці, але цяпер і яна ўжо другі год пустуе, напаўразваленая салдатамі, якія ставілі туды свае коні.
Газэт ці кніжак выпісаць – на гэта няма моды, граматных нават сярод моладзі мала, а парупіцца падвучыцца ніхто і не падумае. Вестка аб вячэрніх і нядзельных школах, якія цяпер усюды шмат , да Карпілаўкі яшчэ не дайшла і хіба ня хутка дойдзе. На залажэньне пачатку, на зробленьне хоць аднаго кроку ўперад, патрэбна інтэлегэнцыя, якая ведае патрэбы свайго краю і народу, а гэткай інтэлегэнцыі тут не чутно.
І сьпіць Карпілаўка сярод гор і лясоў, хоць будзяць яе зарніцы новага жыцьця і грукат гарматаў.
Казюк К».
«Вольная Беларусь» надрукавала Статут Беларускіх нацыянальных культурна-прасьветных гурткоў у войску, які быў ухвалены на першай сэсіі ЦБР.
Сярод захадаў былі:
«У кожнай вайсковай часьці ваенныя-беларусы яднаюцца ў грамаду і кіруюцца ў сваім жыцьці і агульна-палітычнай і нацыянальнай справе пастановамі Беларускай Цэнтральнай Рады. Кожны беларускі гурток павінен ведаць такія ж гурткі суседніх часьцей і быць зь імі ў зьвязку.
Кожны беларускі культурна-прасьветны гурток павінен выпісваць і пашыраць беларускія кнігі і газэты.
Усе члены беларускай грамады ў вайсковых часьцях павінны гаварыць паміж сабой па-беларуску. Пастановы свае і справаводзтва гурткі павінны весьці ў беларускай мове.
Кожны член Грамады павінен вучыцца пісаць у беларускай мове і пісаць лісты дадому толькі па-беларуску і паведамляць сваіх у вёску сваю пра беларускі рух.
Кожны член Беларускай Грамады ў войску павінен насіць беларускі нацыянальны знак – белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзіне, усе тры палоскі белая, чырвоная і белая адной шырыні».