Памёр нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Імрэ Кёртэс
Венгерскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2002 года Імрэ Кертэс памёр ва ўзросце 86 гадоў пасля працяглай хваробы. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters.
Кёртэс, венгр яўрэйскага паходжання, які нарадзіўся ў Будапешце, з 1944-га па 1945 год быў вязнем Асвенціма і Бухенвальда.
Першы раман «Без лёсу» Кёртэс напісаў у 1975 годзе. Гэта быў аповяд ад асобы яўрэйскага хлопчыка, які патрапіў у канцлагер. «Без лёсу» быў прыняты ў сярэдзіне 1970-х вельмі холадна, венгерская крытыка проста абышла яго маўчаннем. Кёртэс доўгі час жыў перакладамі з нямецкай.
Але ў 1988 годзе ён напісаў другі раман «Фіяска», які працягнуў тэму жыцця ў лагерах. Завяршальным акордам трылогіі стаў раман «Памінальная малітва па ненароджаным дзіцяці» (1990). Толькі з 1990-х гадоў пра Кертэса як пра пісьменніка даведаліся чытачы за мяжой - тады яго ўпершыню перавялі на англійскую мову.
Паводле ТАСС