Памёр нобелеўскі лаўрэат Гюнтэр Грас

Пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Гюнтэр Грас памёр ва ўзросце 87 гадоў. Ён пайшоў з жыцця ў шпіталі гораду Любеку сёння раніцай.



6995d2b5_4b2b_4a1e_b6c7_a078c2372950_mw1024_s_n.jpg

Гюнтэр Грас нарадзіўся ў 1927 годзе ў Данцыгу (з 1945 года — польскі горад Гданьск). У 1944 годзе ва ўзросце 17 гадоў Грас быў прызваны служыць у войскі СС. Пра гэты факт біяграфіі пісьменніка стала вядома толькі ў 2006 годзе, калі выйшла яго кніга «Цыбуліна памяці».

Дэбютны раман Граса — «Бляшаны барабан» — быў выдадзены ў 1959 годзе. У 1999 годзе Грас атрымаў Нобелеўскую прэмію з фармулёўкай «Яго гульлівыя і змрочныя прыпавесці асвятляюць забыты вобраз гісторыі». У апошнія гады пісьменнік жыў і працаваў у Любеку на поўначы Нямеччыны.

«Падобна таму як Нобелеўская прэмія, калі абстрагавацца ад усякай яе ўрачыстасці, грунтуецца на адкрыцці дынаміту, які, як і іншыя спараджэнні чалавечага мозгу — расшчапленне атаму або таксама ўганараваная прэміяй расшыфроўка генаў, — прынёслі свету радасці і нягоды, так і літаратура нясе ў сабе выбуховую сілу, нават калі выкліканыя ёю выбухі становяцца падзеяй не адразу, а, так бы мовіць, пад лупай часу і змяняюць свет. Яны ўспрымаюцца як дабро, і як падстава для ляманту — і ўсё ў імя роду чалавечага».

(З Нобелеўскай прамовы Гюнтэра Граса, 1999 г.)

Паасобныя творы Гюнтэра Граса перакладалі на беларускую мову Лявон Баршчэўскі і Вольга Гапеева.

www.svaboda.org