Па старонках «Вожыка». Як беларусы за савецкім часам адпачывалі

Гартаючы падшыўкі флагмана сатыры БССР, можна вызначыць цікавыя нюансы гісторыі айчыннай мадэлі летняга адпачынку.

1_590.jpg

Калі кіравацца зместам «Вожыка», то можна прыйсці да высновы, што летні адпачынак як з'ява быў не заўсёды. Напрыклад, у выпусках да пачатку 1960-х амаль не сустракаецца карыкатур, прысвечаных курортам і пляжам. Напэўна, гэта можна растлумачыць пераважна аграрным характарам тагачаснай беларускай савецкай гаспадаркі. У сельскім календары лета — час збору ўраджаю. Таму тыя, хто адпачываў у гэты час, хутчэй выяўляліся ў негатыўным ракурсе (гл. малюнак вышэй).
Па ходзе індустрыялізацыі і ўрбанізацыі рэспублікі аграрная тэматыка паступова адыходзіць на другі план. У фокусе «Вожыка» ўсё часцей побыт жыхароў горада, для якіх лета час адпачынку, а не працы на палях. «Курортныя» тэмы пачынаюць усё часцей з’яўляцца ў карыкатурах выдання.

2_543.jpg

Сапраўдная рэвалюцыя ў гэтай сферы адбываецца ў другой палове 1960-х, у часы славутай «касыгінскай пяцігодкі», калі рост гаспадаркі складаў прыкладна сем працэнтаў штогод. Адразу ў людзей з’явіліся грошы і адпаведна паўсталі новыя крытэрыі наконт таго, як правесці водпуск. Адпачынак у Крыме або на Каўказе становіцца даступным шмат да каго. А эліта ўвогуле пачала дазваляць сабе амаль буржуазны стыль жыцця, што тэрмінова было раскрытыкавана сатырыкамі.

3_481.jpg

Паняцце летняга адпачынку паступова пашыраецца за часовыя рамкі месячнага водпуску, які надавала працоўным дзяржава. У чэрвені, ліпені і жніўні, мяркуючы па малюнках у «Вожыку», на прадпрыемствах і ва ўстановах панавала дастаткова разняволеная атмасфера. Асабліва вольна пачувалі сябе супрацоўнікі, калі дырэктар адпраўляўся на адпачынак.

4_449.jpg

У 1970-я набывае папулярнасць практыка паездак на прыроду на выходныя разам з сябрамі, суседзямі, калегамі ці аднакурснікамі. На жаль, вельмі часта аматары такога адпачынку ставіліся да навакольнага асяроддзя, мякка кажучы, не надта этычна. На шматлікіх карыкатурах «Вожыка» падобны турызм выглядае як лакальная экалагічная катастрофа.

5_415.jpg

Бліжэй да 1980-х «Вожык» зафіксаваў моду на паходы ў грыбы, якія звычайна стартуюць у апошнія дні жніўня. Некаторыя тлумачылі гэта спробай людзей збегчы ад сумнай савецкай рэальнасці і нават уяўлялі як форму медытацыі.

6_303.jpg

Перабудова і эканамічныя катаклізмы, якія пачаліся ў другой палове 1980-х, унеслі свае карэктывы ў формулу летняга адпачынку беларусаў. Як правіла, людзі адпачывалі на лецішчах-«фазэндах», якія ў дадатак забяспечвалі іх прадуктамі. Звычайныя ваяжы на савецкія курорты праз эканамічныя цяжкасці для большасці сталі марай. Але на дапамогу прыйшоў «Вожык», які ў адным з малюнкаў прапанаваў як кампенсаваць гэта.

7_213.jpg


Новая хваля масавага турызму пачнецца ўжо ў часы незалежнай Беларусі. Яе атрыбутамі стануць тэмы, абсалютна невядомыя ў часы БССР: «усё ўключана», «шведскі стол», «візавая падтрымка». Аднак гэта ўжо зусім іншая гісторыя.