Нямецкая проза і славацкая літаратура з кнігарняй Логвінаў
5 лістапада Гётэ-Інстытут запрашае на прэзентацыю рамана Грэгара Зандэра «Што было б» у перакладзе Альгерда Бахарэвіча. А 6 лістапада — прэзентацыя кнігі славацкага паэта Пэтэра Мілчака «Крэўныя браты».
5 лістапада — Прэзентацыя рамана Грэгара Зандэра ў перакладзе Альгерда Бахарэвіча
5 лістапада Гётэ-Інстытут у Беларусі запрашае на прэзентацыю рамана нямецкага пісьменніка Грэгара Зандэра «Што было б» у перакладзе Альгерда Бахарэвіча. Мадэратар: Павал Касцюкевіч.Крама-музей “Буржуазные ценности”/Кнігарня Логвінаў. Вуліца Караля, 22 (метро Фрунзенская”). Пачатак а 18-00.
Трохі пра раман. Ніхто з іх не здагадваўся, што краіна, дзе ім собіла нарадзіцца, неўзабаве знікне з мапы. Ніхто з іх не мог ведаць, як па-рознаму складуцца іхныя лёсы. Краіна мела назву ГДР, горад быў падзелены Мурам, а маладосць падавалася вечнай.
Каханне і здрада, сяброўства і нянавісць, уцёкі і супрацьстаянне. Вечныя тэмы ў нечаканым антуражы ўмоўнага ладу. Сучасны нямецкі аўтар Грэгар Зандэр змяшчае сваіх герояў на скрыжаванні мінулага і цяпершчыны — і абірае для гэтага стары гатэль у Будапешце, у якім збіраецца дзіўная кампанія ўсходніх і заходніх немцаў. Каб разабрацца ў сабе ды іншых — і дапісаць сваю няпростую гісторыю да канца.
6 лістапада — Славацкая паэзія ў кнігарні Логвінаў
Запрашаем на прэзентацыю кнігі славацкага паэта Пэтэра Мілчака “Крэўныя браты”. Па-славацку і па-беларуску прагучаць старыя і новыя вершы. З удзелам перакладчыцы Святланы Богуш. 6 лістапада а 18.00 у кнігарні Логвінаў.
Пра паэта. Пэтэр Мілчак (1966) выдаў паэтычныя зборнікі “Вупраж перад зімой” (1989), “Падрыхтоўчая лінія 57 / Preparation Line 57” (2005), “Брум” (2012) і кнігу зацемак “Мёртвыя кветкі сярод жывых” (2017). Перакладае з англійскай (М. Суіні, К. Патчэн, А. Ноўлан) і польскай (Ч. Мілаш, З. Гэрбэрт, Г. Пасвятоўска, М. Святліцкі, Д. Коман). У 1991 годзе заснаваў уласнае выдавецтва “Modrý Peter”, якое спецыялізуецца на выданні славацкай і перакладной паэзіі. Выкладае ў БДУ славацкую мову. Арганізоўваў выставы славацкіх мастакоў у Беларусі і беларускіх – у Славакіі. Жыве ў Левачы (Славакія) і Менску.
9 лістапада (субота). “Вандроўная кнігарня” ў Маладзечне
Пасля Гальшан і Гародні
“Вандроўная кнігарня”, наладаваная кнігамі, кнігарамі, літаратарамі ды ідэямі,
едзе ў Маладзечна. Прыватная гасцёўня па вуліцы Чыстай 26.
Праграма:
16-30 — вітальныя словы ад гаспадара прыватнай гасцёўні Алеся Капуцкага і прадстаўленне праекту “Вандроўная кнігарня” ад кіраўнічкі праекта Аляксандры Логвінавай.
16-45 — “Як перакладаць набелістаў?” Шортлістарка сёлетняй прэміі імя Карласа Шэрмана Марына Шода правядзе майстар-клас па мастацкім перакладзе з кнігай “Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых” аўтарства сёлетняй Нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Вольгі Такарчук.
17-30 – 18-10 — “Мінскае мора замест Мінска”. Літаратар і блогер Севярын Квяткоўскім з новай кнігай-антыўтопіяй “Каларадская пушча” распавядзе як патопне сталіца.
18-10 – 19-00 — Пляцоўка для размовы: “Маладзечна, што табе цікава?” Размаўляюць: Алесь Капуцкі, Аляксандра Логвінава, Севярын Квяткоўскі, Марына Шода.
19-00 – 19-30 — Бясплатны буфет, нефармальныя гутаркі, продаж кніжных навінак беларускай і замежнай літаратуры.
Паводле прэс-рэлізу