На Віцебшчыне ўшанавалі памяць Уладзіміра Караткевіча
Напярэдадні ўгодкаў жыхары Віцебску і Воршы ўсклалі кветкі да помнікаў славутаму пісьменніку-земляку і зладзілі грамадскія чытанні ягоных вершаў. У Воршы, на малой радзіме Ўладзіміра Караткевіча, з'явілася й першая беларускамоўная шыльда на вуліцы, якая носіць яго імя, піша Радыё Свабода.

Віцябляне сабраліся каля помніка Ўладзіміру Караткевічу на заклік Тацяны Севярынец. Каардынатарка аргкамітэту БХД звярнулася да землякоў праз Фэйсбук, прапанаваўшы адзначыць разам 88-я ўгодкі вядомага пісьменніка ўскладаннем кветак.

Каля помніка прагучалі ўспаміны пра Караткевіча і ягоныя вершы. Раздрукаваныя адмыслова да сённяшняй імпрэзы паэтычныя радкі было вырашана пакінуць тут жа, каля помніка — каб іх змаглі пачытаць і тыя, хто адмыслова ці выпадкова прыйдзе сюды гэтымі днямі.
Аршанцы таксама прынеслі кветкі Караткевічу
Каля помніка пісьменніку ў Воршы таксама адбылася ўрачыстая імпрэза — традыцыйная і штогадовая, бо тут, на яго малой радзіме, угодкі Ўладзіміра Караткевіча даўно ператварыліся ў нефармальнае гарадское свята.

Каля помніка таксама прагучалі вершы, а кветкі гараджане прынеслі і да помніка, які стаіць у гарадскім парку, і да гарэльефа, размешчанага на адным з будынкаў у пачатку вуліцы імя Караткевіча.
Першая беларускамоўная шыльда з назвай вуліцы
У часы маладосці пісьменніка вуліца мела іншы назоў: яна называлася вуліцай Касманаўтаў. Нягледзячы на перайменаванне, шыльдачка з такой назвай дагэтуль вісела на доме № 19, у якім цяпер жыве пісьменніца Паліна Сцепаненка. Але з сённяшняга дня тут з'явілася іншая шыльда, а старую аддалі ў аршанскі музэй Уладзімера Караткевіча, кажа гаспадыня:
«У горадзе шыльды спрэс рускамоўныя. І аршанская структура Таварыства беларускай мовы выступіла з ініцыятывай, каб жыхары прыватных дамоў вывешвалі на іх шыльды па-беларуску, у каго ёсць такая магчымасць. Я нарадзілася ў Воршы, на зямлі Ўладзіміра Караткевіча, і вырашыла першай падтрымаць гэтую прапанову напярэдадні ягоных угодкаў».
