"Linkin Park" адыгралі канцэрт лета ў «Мінск-Арэне» (фотарэпартаж)
Амерыканскі альтэрнатыўны рок-гурт завітаў на дзень у Мінск у межах турнэ ў падтрымку апошняга альбому «The Hunting Party». Канцэрт складаўся з 26 кампазіцый і працягваўся амаль 2 гадзіны. Пра тое, як адбылася рок-падзея лета, чытайце ў нашым рэпартажы.
"Linkin Park" можна назваць адным з самых папулярных альтэрнатыўных гуртоў мінулага дзесяцігоддзя. Напэўна, кожны аматар рок-музыкі хоць раз чуў іх кампазіцыі «Numb», «In the End» і «What i've done». Якасная сумесь электроннага року і металу з рэп-музыкай стварае ўнікальны музычны накірунак, у якім працуюць не так шмат гуртоў, і самы знакаміты з іх —"Linkin Park". Нарэшце калектыў даў свой першы канцэрт у Беларусі.
Ужо за 6 гадзін да пачатку канцэрту сталі з’яўляцца здымкі ў сацыяльных сетках з чаргой у фан-зону. А ўжо праз 2 гадзіны натоўп расцягнуўся на некалькі дзясяткаў метраў. На пачатак дня заставалася толькі каля тысячы не прададзеных квіткоў на трыбуны. На танцпляцы і фан-зоне ўжо даўно не было вольных месцаў. Сябры афіцыйнага фан-клубу "Linkin Park" ці аматары, што аддалі 450 долараў, маглі трапіць на персанальную сустрэчу з музыкамі.
На «разагрэве» ў амерыканцаў пашчасціла граць мінскай хіп-хоп камандзе "Rili Dope". Яны выйгралі спецыяльны конкурс, дзе прымалі ўдзел звыш 40 рок-калектываў. Гурт ужо адзначыўся выступам у Маскве перад шоў гурта "LimpBizkit" — тады іх кандыдатуру асабіста ўхвалілі музыкі. Учора ў Мінску "Rili Dope" далі 30-хвілінны выступ і добра падрыхтавалі публіку да выступу амерыканскіх калегаў.
"Rili Dope"
З невялічкім спазненнем, але з моцным гучаннем і бурнымі авацыямі ад усіх сектароў "Linkin park" распачаў выступ. Першы сэт пачынаўся кампазіцыя «Papercut» з дэбютнага альбому, дзе спачатку гучыць рэп ад Майка Шыноды, а потым вар’яцка моцны тэнар Чэстэра Бенінгтана — першага саліста гурта, і ўсё гэта пад электронную музыку. Астатнія песні першага і другога музычнага сэта былі прадстаўлены з больш новых альбомаў і апошняга — «Hunting party». На кампазіцыі «Castle of Glass» фан-зона засвяцілася вялікімі неонавымі палачкамі. Зрэшты, на ўсіх павольных песнях публіка ўключала ліхтары на сваіх тэлефонах, атрымаўся вельмі прыгожы эфект. Увогуле, на канцэрце святло было на высокім ўзроўні.
Кампазіцыі «Numb» і «In the End», «New Divide», «Burn It Down» — адны з галоўных хітоў — спявалі ўсёй арэнай. На кампазіцыі «Final Masquerade» на фан-зоне пачалі апранаць маскі, яе ўручылі і Чэстару. Дзве песні аддалі на сольнае выкананне Майка — праекту "Fort Minor". Фан-зона адрэагавала, падняўшы плакаты са словам: "Welcom" (так завецца адна з кампазіцый рэпера).
Не абышлося і без выхаду на біс з чацвёртым міні-сэтам з трох хітоў: «Waiting For The End», «What i've done», «Bleed It Out». Аддача гурта і фан-сектара была поўнай. Музычная падзея лета атрымалася на славу.
"Linkin Park"
Фота: Дар’яна Дабранская