Курэйчык паказаў фільм "Гараш" з Кулінковічам у галоўнай ролі

Скончыліся здымкі ды мантаж беларускага сіткому “Гараш”. Першы паказ для сяброў адбыўся дома ў рэжысёра Андрэя Курэйчыка.



7df5bee0f3e2b1956c75362d833a6ae7.jpg

Маладога беларуса дэпартуюць з Амерыкі, ён вяртаецца ў Менск ды ідзе працаваць у гаражную аўтамайстэрню ў Шабанах — гэтак пачынаецца чорная камедыя з тыпова беларускімі персанажамі паводле сцэнару Андрэя Курэйчыка. Фільм пра сутыкненне «саўковага» і заходняга, пра беларускі характар і стаўленне да месца, дзе жывеш. Сваім прыкладам Курэйчык спрабуе паказаць, што кіно можна здымаць без грошай і за кароткі час — здымкі 45-хвіліннага фільму доўжыліся ўсяго пяць дзён.

«Для мяне гэта новы шлях беларускага нацыянальнага кіно. Усе гэтыя мегапраекты кшталту «Авеля» і ўсякай усячыны – гэта поўны і абсалютны тупік. А мы мусім шукаць таленты, якія могуць аб’яднаць невялікую каманду, але зрабіць сапраўдны мастацкі выбух», — заявіў рэжысёр фільма Андрэй Курэйчык.

Сярод талентаў карціны — саліст гурта «Neuro Dubel» Аляксандр Кулінковіч, ён сыграў галоўнага персанажа, кіраўніка гаража, які праводзіць у ім увесь свой час.

«Такі самаўпэўнены савецкі дзядзька, у якім ёсць чалавечае, ёсць нешта добрае, але ён баіцца гэта паказаць. Такіх дзядзькоў у прынцыпе даволі шмат на кожным заводзе, на кожнай будоўлі», — апісаў свайго героя Кулінковіч.

Падчас хатняга прагляду ішло бурнае абмеркаванне: стужка цяпер у стадыі постпрадакшну, яе чакае яшчэ шмат дапрацоўвання. Прэм’еры ў беларускіх кінатэатрах плануюцца напрыканцы верасня.

"Белсат"