Кнігарня «Галіяфы» мяняе прапіску з-за высокай арэнднай платы ў Траецкім прадмесці

Кнігарня "Галіяфы" аднайменнага прыватнага выдавецтва вымушаная пакінуць памяшканне на вуліцы Старавіленскай ў Траецкім прадмесці Мінска з-за надзвычай высокай арэнднай платы, паведаміў дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў.

Фота http://bel.sputnik.by/

Фота http://bel.sputnik.by/


"Мы не можам дазволіць сабе такую раскошу, таму пераязджаем у памяшканне, дзе арэнда меншая. Тым больш сёння арэнда ў горадзе змяншаецца", — сказаў ён.
Новы адрас кнігарні пакуль трымаюць у сакрэце. Зноў адкрыць у горадзе "Галіяфы", паводле слоў Вішнёва, выдавецтва плануе на працягу лета. Ён таксама паведаміў, што ў чэрвені "Галіяфы" запусцяць уласную інтэрнэт-кнігарню.
Упершыню культурная пляцоўка выдавецтва, якая аб'яднала сабой кнігарню, міні-галерэю і пляцоўку для мерапрыемстваў, адкрылася ў Мінску ў сакавіку 2014 года на вуліцы Валгаградскай у будынку, дзе размяшчаецца ААТ "Агат — электрамеханічны завод". У якасці кнігарні гэтая пляцоўка працавала ўсяго чатыры месяцы, бо пасля змены заканадаўства аб гандлі статус памяшкання, якое выдавецтва арандавала ў прыватнай асобы, не дазваляў займацца там продажам кніг. "Галіяфам" дазволілі выкарыстоўваць памяшканне ў якасці офіса і для правядзення мерапрыемстваў. Аднак пры адсутнасці гандлёвай дзейнасці выдавецтва было не ў стане плаціць за арэнду і ў лютым 2015 года канчаткова пакінула гэтую пляцоўку.
Праз дзесяць месяцаў, 3 снежня 2015 года, кнігарня "Галіяфы" адкрылася на вуліцы Старавіленскай. Як і раней, наведвальнікі маглі набыць навінкі беларускай літаратуры, карціны сучасных беларускіх мастакоў, паўдзельнічаць у паэтычных вечарынах і іншых культурных мерапрыемствах. У перспектыве ў кнігарні планавалі адкрыць літаратурную кавярню. У Траецкім прадмесці "Галіяфы" працавалі крыху больш за паўгода.
Выдавецтва "Галіяфы" было створанае вясной 2008 года паэтамі Зміцерам Вішнёвым і Міхасём Башурам для папулярызацыі беларускамоўнага мастацкага слова, адкрыцця новых імёнаў, падтрымкі айчыннага літаратурнага працэсу.
Паводле belapan.com