Кінафестывалем «Лістапад» зоймецца новы арганізатар
Кінафестываль «Лістапад» у гэтым годзе правядзе «Беларусьфільм».

Мінкульт правёў адкрыты конкурс на выбар арганізатара, але пасля двух тэндараў, якія не адбыліся, абвясціў арганізатарам фестывалю айчынную кінастудыю, піша Zerkalo.io.
«Заснавальнік, Міністэрства культуры, паведаміла, што "АРТ Карпарэйшн" (прыватная тэатральна-відовішчная ўстанова культуры "Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”) упершыню за 11 гадоў не з’яўляецца арганізатарам фестывалю ў гэтым годзе. Іншых тлумачэнняў дадзена не было», — распавялі ў дырэкцыі «Лістапада».
Агульны кошт кінафестывалю сёлета складае 775 тысяч беларускіх рублёў (310 тысяч долараў): 550 тысяч рублёў будзе выдаткавана Мінкультам, 225 тысяч рублёў — «Беларусьфільмам».
У мінулым годзе «Лістапад» быў адменены «праз пандэмію каронавіруса» за дзень да свайго пачатку. У мерапрыемстве павінны былі прыняць удзел каля 120 карцін з 50 краін.
Першы кінафорум «Лістапад» адбыўся ў Мінску ў 1994 годзе, да 2002 года ён называўся «Міжнародны кінафестываль краін СНД і краін Балтыі». З 2013 года атрымаў акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў, з’яўляецца адным з найбольш прэстыжных кінафестываляў на тэрыторыі СНД.