Яўген Літвінковіч зрывае аншлагі. Па-ранейшаму не на радзіме

Як выказаўся беларускі рэпер Сярога, які быў чальцом журы ўкраінскага талент-шоу «Х-фактар»: «Беларусы яны таленавітыя людзі, асабліва за мяжой». Гэтыя словы ідэальна пасуюць да выпадка 30-гадовага спевака Яўгена Літвінковіча з Жодзіна. Ён застаўся нявыяўленым на радзіме, але хутка ператварыўся ў яркую зорку ва Украіне.



tam_niet_mienia.jpg

Яўген Літвінковіч падчас канцэрту

Да 22 гадоў ён і спяваць нават не спрабаваў, і, натуральна, ні пра якую кар'еру спевака, ні пра які спявацкі трыумф і ў сне не думаў. Потым — выпадак. За ім — ансамбль у Жодзіна. Потым конкурсы — гарадскія, раённыя, абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя. Дуэт з Ланской у Мірскім замку. Выкананне пад акампанемент прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Але ўсё – без вялікага поспеху. Тэлевізар — найбольшая з атрыманых узнагарод на спявацкіх спаборніцтвах у Беларусі.


Але калі краіна-суседка заклікала ўсіх ахвотнікаў на талент-шоу «Украіна мае талант», абяцаючы, што тут «можлива усе», —  Яўген рызыкнуў, ён жа зухаваты хлопец! І — не прайграў. Стаў адным з наймацнейшых фіналістаў і атрымаў адмысловае запрашэнне на ўдзел у іншым конкурсе, ужо выключна песенным — «Х-фактары».

У студзені гэтага года ён завяршыўся тым, што Яўгена, які заняў другое месца па яго выніках у гэтай спявацкай краіне, сталі любоўна зваць народным улюбёнцам. А ён плаціў шматлікім прыхільнікам сваёй руплівай працай па падрыхтоўцы  прыемных сюрпрызаў: ужо красавік пацешыў першым самастойным сінглам «Знакі задыяка», што знаходзіцца цяпер у актыўнай ратацыі радыёстанцый, неўзабаве — з'яўленнем на яго першага кліпа, а ўчора, 31 траўня, і першым сольным канцэртам з продажам першага дыска з упадабанымі Яўгенавымі песнямі — і ўласнага сачынення, і вядомымі яго каверамі.

Канцэрт з моманту аб'яўлення стаў прыносіць прыемныя неспадзеўкі: праз тыдзень у канцэртную залу Кіеўскай кансерваторыі квіткоў было не дастаць — прадусарскі цэнтр тэлекампаніі СТБ, з якой у Яўгена 5-летні кантракт, прыняў рашэнне пра два канцэрты ў адзін дзень. Але і на другі праз тыдзень квіткоў было не дастаць: прыйшлі не толькі кіеўляне, прыехалі прыхільнікі з іншых украінскіх гарадоў, з Беларусі, і нават з Масквы, Пецярбургу, Чэхіі.
 

І не пашкадавалі. Ні пра далёкую дарогу. Ні пра нятанныя квіткі. Многія гаравалі, чаму не купілі адразу на абодва канцэрта — на 16.00 і на 19.00.

Апладысменты, мора кветак, флэш-моб фанатаў, віншаванне мамы Яўгена і яго выкладчыка музыкі з Жодзіна, аўтографы, фота на памяць — і радасныя воклічы прыхільнікаў, якія даведаліся, што зараз сольныя канцэрты пройдуць у 15 найбуйнешных гарадах Украіны, а ўвосень — новы сольнік і альбом.

Вось што піша адна з адміністратараў групы прыхільнікаў творчасці Яўгена ў сацыяльнай сетцы Вконтакте Наста Ханжыева: «На "Там няма мяне" мы ўсе дружна паднялі рамонкі і паперкі са словам "Дзякуй". Бачна было, што Жэнька проста шчаслівы, гэта вельмі прыемна. Ён проста спыніўся, раскінуўшы рукі, і купаўся ў апладысментах. Уражанне, што не чакаў такога... А я вар'яцкі радая, што яму так спадабалася. Ну, скажу шчыра, як фанатка: ён быў неверагодна харошы! Хочацца яшчэ, і яшчэ, і яшчэ…»

Хочацца і нам, яго землякам, паслухаць гэтага таленавітага і шчырага самародка. Праўда ж, малайчына! Шкада, цяпер  далекавата ад нас. Але — будзем чакаць з канцэртамі па найбуйнейшых гарадах ужо Беларусі. Мо гэты час для прыхільнікаў Яўгена Літвінковіча на радзіме таксама не за гарамі. Каб і мы маглі з поўным правам паўтарыць словы яшчэ адной яго ўкраінскай прыхільніцы, якая напісала захоплены водгук у фан-групе пасля канцэрта: «Як добра, што ён ёсць у нас, а мы ў яго :)»

А пакуль песня «Там няма мяне» нібыта датычыць радзімы Яўгена.