Ігар Логвінаў атрымаў узнагароду ад Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў
Беларускі выдавец Ігар Логвінаў не змог сам паехаць у Лондан атрымліваць узнагароду ад Міжнароднай асацыяцыя выдаўцоў (IPA), затое падзяліўся на радзіме з прэс-службай ГА "БАЖ" сваімі адчуваннямі ад перамогі і спадзевамі на будучыню.
“Вельмі важны сам факт гэтай падтрымкі, бо тут у нас – “тэрыторыя негарантаванасці”, так бы мовіць. А прэмія — гэта ўсё ж прызнанне, рэзазнанс, які
хоць мінімальна гарантуе нам выжыванне і бяспеку. Калі б гэтых міжнародных кантактаў не было – адназначна і без ваганняў рубілася б усё з пляча”, — лічыць Ігар
Логвінаў.
Пасля пазбаўлення ліцэнзіі ён перанёс выпуск кніг у Літву і не збіраецца сядзець склаўшы рукі.
“Нашы лепшыя пісьменнікі заснавалі ў Літве публічную арганізацыю, якая называецца цяпер не выдавецтвам, а больш шырока — “літаратурным домам”. Пачалі выпускаць
там кнжкі і паралельна рабіць праекты, звязаныя з прамоцыяй беларускай літаратуры за мяжой. Імя “Логвінаў” захавалі — каб кніжкі выходзілі пад нашым старым
брэндам”, — кажа выдавец.
“Я ўпэўнены, што гэта часовае рашэнне. У любым выпадку, абсурд бясконцым быць не можа. Я сваёй задачай бачу на ўсіх магчымых пляцоўках падкрэсліваць, наколькі абсурдным
з’яўляецца ліцэнзаванне і рэгістрацыя кнігавыдавецтва і кнігагандлю ў Беларусі. Нават у Расіі такога няма, пры ўсім іх цяперашнім ідэалагічным тэроры”, — падкрэслівае Ігар
Логвінаў.
Прэс-канферэнцыя з удзелам Ігара Логвінава, прысвечаная прысуджэнню яму прэміі IPA, адбудзецца ў кастрычніку г.г. на міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце.
Нагадаем, што пра пазбаўленне Міністэрствам інфармацыі выдавецтва "Логвінаў" ліцэнзіі стала вядома ў пачатку кастрычніка мінулага года.Нагодай стаў выпуск фотаальбома "Прэс-фота Беларусі - 2011", які ў красавіку 2013 года быў прызнаны экстрэмісцкім на падставе рашэння суда Ашмянскага раёна. Аспрэчыць рашэнне Мінінфармацыі ў судовым парадку ў выдавецтва пакуль не атрымалася.