«Гняздо- 2» Паліны Качатковай
15 кастрычніка ў прыватным краязнаўчым музеі вёскі Стаўры, што пад Оршай, прайшла прэзентацыя новай кнігі пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Паліны Качатковай (Сцепаненка) «Гняздо-2». На імпрэзу прыехалі госці з Мінска, Віцебска, Оршы і наваколляў.
У новай кнізе літаратаркі аб’яднаны апавяданні 1987-1990 гадоў, а таксама творы, напісаныя пасля 2012 года, і аповесць «Паэт» пра класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Месца правядзення прэзентацыі было абрана невыпадкова, бо пісьменніца сама нарадзілася ў Оршы.
На імпрэзу прыехалі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, сябры і калегі Паліны: з Мінска — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і паэт Міхась Скобла, рэжысёры Віктар Корзун, Алег Дашкевіч і Вольга Мікалайчык, барды Кася Камоцкая і Андрэй Мельнікаў, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і пісьменнік Алесь Бяляцкі з жонкай Наталляй і сябра арганізацыі Алена Лапцёнак; з Віцебска — маці расстралянага па абвінавачанні ў тэракце ў мінскім метро Улада Кавалёва Любоў Кавалёва і вядомая журналістка Алена Сцяпанава, а таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Оршы, ды іншыя.
Па словах дырэктара выдавецтва «Галіяфы», дзе выйшла кніга Паліны Качатковай, Змітра Вішнёва, гэтае выданне пісьменніцы рыхтавалася даволі доўга, размовы пра яе вяліся больш за год. У выніку аўтарка і выдаўцы знайшлі паразуменне ў плане таго, якая гэта мусіць быць кніга, і вынік, на думку Вішнёва, атрымаўся цудоўным.
«Асобная гісторыя, як мы раблілі вокладку. Гэтая карціна (твор мастака Сяргея Дзегцяронка «Гняздо-2» — заўв. Г. К.) вісіць у адной цудоўнай кватэры. Яна была велізарная, і яе трэба было сфатаграфаваць, бо здымак, які ўжо быў, не адпавядаў таму, каб патрапіць на гэтую вокладку. І дызайнер Жэня Багдановіч цудоўна справілася з задачай, і ў рэшце атрымалася тая вокладка, якую мы хацелі, — распавёў выдавец. — На мой погляд, кніга складаецца не проста з нейкіх твораў, а гэта можна ўявіць, як нейкія такія яйкі, і вось аўтар будуе гэтае творчае гняздо, куды складае гэтыя яйкі. На мой погляд, гэта вельмі канцэптуальня кніга, і тут ёсць раман пра Максіма Багдановіча, які ў кнізе абазваны аповесцю, і гэта цэнтральны твор выдання. Тут разгортваюцца таямніцы, факты. Мне здаецца, тут, у гэтай кніжцы, ёсць і містыка, і фантастыка, і рэалізм. І, на мой погляд, што тут ёсць самае важнае: Паліна Качаткова, з аднаго боку, — сур’ёзны рэаліст, але гэты рэалізм часам вельмі паэтычны. Мне як чалавеку, які таксама працуе са словам, гэта было вельмі блізка. І вось гэтая паэтычнасць часам проста падкупляе».
Сама аўтарка патлумачыла, чаму было вырашана зрабіць прэзентацыю акурат на Аршаншчыне. «Мы шмат пра гэта гаварылі з Алесем Шутавым, якога нядаўна не стала з намі. Мы гаварылі пра гэта яшчэ летам падчас паездкі ў Чарнігаў. І гаварылі, што, можа быць, было б добра зрабіць нефармальны літаратурны фестываль на зямлі Уладзіміра Караткевіча, каб не толькі ў нейкіх дамах культуры адбываліся літаратурныя чытанні, але можна было б пачытаць недзе на вуліцы, таму што тут не хапае вольнага слова, менавіта літаратурнага. Алесь Шутаў (актывіст кампаніі «Гавары праўду» – заўв. Г. К.), калі мы наведвалі яго ў бальніцы, абяцаў, што будзе 15 кастрычніка на нашай імпрэзе. Але ніхто не ведае свайго лёсу, і Алесь памёр, учора было дзевяць дзён. І сёння яго няма разам з намі. Таму мне хацелася, каб такая вечарына была ў падобным фармаце не апошняй, каб сюды прыязджалі людзі, каб збіраліся аршанцы. Каб чыталіся творы, і каб з гэтага быў такі пачатак, таму што ў Оршы вельмі жывая энергетыка, вельмі жывыя і вельмі прыемныя людзі, вельмі шмат інтэлігенцыі, яны вельмі шмат паміж сабой кантактуюць, але ў Мінску пра гэта вельмі мала ведаюць. І ўсё гэта вельмі хацелася б ажывіць», — пажадала Паліна Качаткова.
Добрыя словы на адрас аўтаркі сказалі Алесь Бяляцкі, Міхась Скобла, які вёў рэй, Барыс Пятровіч, Усевалад Рагойша ды іншыя прысутныя.
А журналістка з Віцебска Алена Сцяпанава падрыхтавала для «віноўніцы ўрачыстасці» адмысловы падарунак — зробленую самаруч птушку. «Няхай вось такія вылупліваюцца з яйцаў у такіх гнёздах, чырыкаюць, і ўсё будзе добра», — пад апладысменты сказала Алена.
Усе прысутныя атрымалі кніжкі Паліны Качатковай і змаглі ўзяць у аўтаркі аўтографы. Выданне пісьменніцы ўжо ў пятніцу паступіла ў продаж.