Гістарычны музей запрашае на выставу, прымеркаваную Дню роднай мовы

Мы ўспрымаем мову як дадзенасць, а між іншым гісторыя беларускай мовы нагадвае дэтэктыў з закручаным сюжэтам і яскравымі адметнасцямі. Ці ведаеце вы, што ў ХVI стагоддзі старабеларуская мова была афіцыйнай у Вялікім княстве Літоўскім? Калі нарадзілася літара Ў? Што беларуская мова мела тры алфавіты – кірылічны, лацінскі і арабскі?..

afisza_a2_mouny_kod.jpg


5 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстава «Моўны код», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.
На выставе прадстаўлены графічныя работы Уладзіміра Басалыгі з серыі «Мова наша родная» (1980–1990-х гг.), творы сучаснай мастачкі Томы Пракоф’евай «Беларускi алфавiт», артэфакты са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Выстава дапаможа ўзнавіць пэўныя веды пра беларускую мову, узгадаць любімыя словы, пацешыць наведвальнікаў інтэрактыўнымі элементамі.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, акрамя выставы, прапануе актыўнасці:

  • Інтэрактыўная гульня «Не шукаючы, не знойдзеш»


Гульня разлічана на дзяцей і дарослых, гэта інтэрактыўнае падарожжа па старонках гісторыі, дзе самі рэчы адкрыюць свае таямніцы!

  • Экскурсія «Шлях кнігі да чалавека: з гісторыі кнігадрукавання»


Дапаможа даведацца аб гісторыі развіцця пісьменнасці на беларускіх землях, пачынаючы ад перыяду рукапісных берасцяных грамат да вынаходніцтва друкарскай справы і стварэння першых друкаваных кніг.
Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) адзначаецца штогод 21 лютага ў адпаведнасці з рашэннем ЮНЕСКА 1999 г. і накіраваны на заахвочванне моўнай разнастайнасці, папулярызацыю і захаванне моўных і культурных традыцый.
Выстава арганізавана пры ўдзеле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Рэалізуецца ў рамках вялікага музейнага праекта «Беларусь і беларусы», скіраванага на папулярызацыю айчыннай гісторыі і культуры.
Выстава працуе па 28 лютага
На экскурсію і гульню дзейнічае папярэдні запіс.