Каб вывучыць беларускую мову, Генадзю патрэбны галасавы дадатак за 700 долараў
Берасцеец Генадзь Шостак шмат гадоў працуе ў сферы музычнай журналістыкі, з'яўляецца аглядальнікам музычна-інфармацыйнага партала «Наш НеФармат», дзе піша пра беларускую музыку. Але пакуль ён не можа ў поўнай ступені ахапіць беларускамоўны сегмент інтэрнэту. Справа ў тым, што ў Генадзя аслаблены зрок, і праз гэта ён не вывучыў беларускую мову, але вельмі б хацеў. Працуючы на кампутары, Генадзь карыстаецца галасавым дадаткам JAWS (Job Acces with Speach), нядаўна ў ім з’явілася беларуская мова, але, каб набыць дадатак, патрэбныя грошы.
— У мяне атрафія зрокавага нерва і дэгенерацыя сятчаткі, якія ўзніклі ў выніку траўмы падчас родаў, — распавядае Генадзь.
Праз гэта ён скончыў спецшколу-інтэрнат у Кіеве, адмысловае музычнае вучылішча для сляпых і са слабым зрокам у Курску (аддзяленне народных інструментаў, клас баяна), Кіеўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага (музычна-педагагічны факультэт, клас баяна). Потым паступіў у аспірантуру пры той жа ВНУ, якая стала называцца інакш – Нацыянальны педагагічны ўніверсітэт імя Драгаманава. Абараніў дысертацыю на суісканне навуковай ступені кандыдата педагагічных навук на тэму «Музыка масавых жанраў як фактар фарміравання музычнай культуры падлеткаў». З 1998 па 2014 год працаваў на кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пакуль кафедра не была расфарміраваная. Пасля гэтага для Генадзя не знайшлося працы ў ВНУ.
Паралельна ён публікаваўся ў газетах і часопісах Украіны, Беларусі і Расіі. З 1996 па 2003 рэгулярна друкаваўся ў мінскай «Музычнай газеце», у гарадскіх выданнях «Брэсцкі кур'ер» і «Вячэрні Брэст». З восені 2003 года працуе на партале «Наш НеФармат».
Апроч усяго гэтага Генадзь Шостак займаецца навуковай дзейнасцю. З 2008 года рэгулярна публікуецца ў тэматычным зборніку «Руская рок-паэзія: тэкст і кантэкст», удзельнічае ў завочных канферэнцыях, прысвечаных творчасці бардаў і рок-музыкаў.
Акрамя музыкі любіць мастацкую літаратуру, філасофію, псіхалогію.
Кампутар для Генадзя — акно ў свет без усялякіх двукоссяў. З дапамогай дадатка JAWS мужчына робіць амаль усё тое, што і людзі з нармальным зрокам.
Нядаўна амерыканская кампанія Freedom Scientific выпусціла дадатак JAWS 19. Гэтая версія дадатка дазваляе дадаваць беларускую мову. Але кампаніі Freedom Scientific стала вядома, што таварыства інвалідаў па зроку краін СНД распаўсюджваюць узламаныя версіі JAWS. Ліцэнзійная версія каштуе каля 700 долараў — такая сума для невідушчага чалавека непад'ёмная. Пенсія па інваліднасці, якую атрымлівае Генадзь, складае 494 рблі. А з яе трэба і прадукты харчавання купляць, і камуналку аплачваць...
JAWS 19, якая была распрацавана з падвышанай абаронай ад узлому, усё ж узламалі. Але версія аказалася абрэзанай — беларускую мову на яе не ўстанавіць. А Генадзю яна патрэбная, каб пачаць вывучаць і мець доступ да беларускамоўнага сегменту інтэрнэту.
Вы можаце дапамагчы Генадзю Шостаку, ахвяраваўшы суму на рахунак БПС-Сбербанка.Нумар рахунка 7052258IBAN BY49BPSB3014F000000007052258Для таго, каб пералічыць ахвяраванне, трэба прыйсці ў любы філіял БПС-Сбербанка з пашпартам. Сродкі прыходным ордарам унясуць у касе.