Фэст «What’s Next In Music?» запрашае беларускіх музыкаў у Вільню
Арганізатары шоўкейс-фестывалю "What’s Next In Music?", які адбудзецца 2 і 3 верасня ў Вільні, абвясцілі пра прыём заявак ад беларускіх музыкаў сучасных напрамкаў. Пераможцы адбору выступяць перад міжнароднымі адмыслоўцамі на адной пляцоўцы з Daughter (Вялікабрытанія), Gesaffelstein (Францыя) і іншымі вядомымі артыстамі.
"What’s Next In Music?" — супольны праект і складнік Loftas Fest, які адбудзецца ў тыя ж дні на той самай пляцоўцы, з арганізатарамі Vilnius Music Week, якія вырашылі аб’яднаць намаганні пад новай назвай. Канцэрты What’s Next In Music? збяруць артыстаў з розных краін Еўропы, а таксама професіяналаў музычнага бізнэса, якія будуць дзяліцца досведам у межах дзённай канферэнцыі і ацэньваць свежыя таленты падчас канцэртаў.
— Беларусы — нашыя найбліжэйшыя суседзі. Мы вельмі радыя, што Беларусь удзельнічала ва ўсіх "Vilnius Music Week", і гэта давала дадатковае прасоўванне вашым артыстам. Напрыклад, "Super Besse", якія менавіта на "Vilnius Music Week" атрымалі запрашэнне ад дырэктара французскага фестывалю "Europavox". Спадзяемся працягнуць гэтую традыцыю ў межах "What’s Next In Music?", — адзначыў Вайдас Стацкявічус, дырэктар Літоўскай асацыяцыі музычнага бізнэса, суарганізатар "What’s Next In Music?".
Абраным для ўдзелу ў фестывалі артыстам арганізатары забяспечваюць абсталяванне для выступу, харчаванне і жытло на дзень канцэрту, а таксама пропуск на музычную канферэнцыю "What’s Next In Music?". Заяўкі прымаюцца да 1 жніўня праз старонку http://www.bit.do/loftasfest.
"Loftas Fest" — гарадскі фестываль, які адбываецца на тэрыторыі арт-фабрыкі Loftas. Хэдлайнерамі мерапрыемства ў гэтым годзе будуць Daughter (Вялікабрытанія), Gesaffelstein (Францыя), Kero Kero Bonito (Вялікобрытанія), Formation (Вялікабрытанія), Lola Marsh (Ізраіль).
Большасць канцэртаў "What’s Next In Music?" будзе адбывацца на бясплатных сцэнах на тэрыторыі арт-фабрыкі Loftas.