Experty.by назвалі назвалі лепшы беларускі дыск за першае паўгоддзе 2017 года
Эксперты сайта Experty.by праслухалі 119 выдадзеных за гэты час альбомаў ды абвесцілі месцы ў рэйтынгавай табліцы.
Штатныя аўтары паставілі на першае месца працу мінскіх арт-рокераў Tonqixod «Колер, якога няма», канцэртная прэзентацыя якой адбудзецца 29 верасня ў Мінску.
Трыа Tonqixod было створана ў Мінску ў 2012 годзе. Выдадзены ў 2014 дэбютны альбом «Прадмова» сабраў цэлы ўраджай узнагарод Experty.by 2015 па галасах беларускіх і замежных крытыкаў, апярэдзіўшы моцны альбом Лявона Вольскага «Грамадазнаўcтва» ў намінацыях «Лепшы рок-альбом» і «Лепшы беларускамоўны альбом».
Нягледзячы на гэта Лявон Вольскі разам з музыкамі Tequilajazzz дапамагаў рэкламаваць наступны канцэрт Tonqixod. У актыве калектыва таксама ўзнагарода «Дебют года» на Rock Profi 2015 (па галасах беларускіх музыкаў) і гран-пры фестывалю «Басовішча 2015».
«Колер, якога няма» — другая поўнафарматная праца калектыва, грошы на яе збіраліся праз краўдфандынг. «Гэта пафас у дазволеных дозах, рок ува ўсіх яго іпастасях і спроба яго дэканструкцыі, сціплая ф'южанутасць з элементамі непрыхаванага таннага цырку», — так прадставілі дыск самі музыкі. «Альбом-шэдэўр» – сцвярджаюць музычныя крытыкі. У тым ліку на замежных сайтах.
Канцэртная прэзентацыя дыска Tonqixod адбудецца 29 верасня ў камернай зале тэатра імя Янкі Купалы.