Хронікі палітычнага тэрору 1918–2008 гадоў у Крупскім рэгіёне
Вечарам 6 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя рэгіянальнага краязнаўча-энцыклапедычнага даведніка Андрэя Аляхновіча і Сяргея Дубаўца “Хронікі палітычнага тэрору 1918–2008: Крупскі рэгіён — Малое Палессе — Друцка-Бярэзінскі край”.
Аўтары выдання Андрэй Аляхновіч і Сяргей Дубавец.
У 504-старонкавым ілюстраваным выданні, якое выйшла ў Крупках накладам 299 паасобнікаў, прыводзяцца звесткі пра больш за 2 тысячы рэпрэсаваных жыхароў Крупскага і Халапеніцкага раёнаў Міншчыны, сабраныя аўтарам-укладальнікам кніжкі, краязнаўцам Андрэям Аляхновічам, а таксама эсэ рэдактара даведніка Сяргея Дубаўца, напісаныя да 20-х угодкаў адкрыцця праўды пра Курапаты і агучаныя аўтарам у перадачы “Вострая Брама” беларускай службы Радыё Свабода. Гэтыя эсэ дазваляюць больш глыбока зразумець падзеі, звязаныя з масавымі палітычнымі рэпрэсіямі савецкага таталітарнага рэжыму.
Як адзначыў Андрэй Аляхновіч, выданне з’яўляецца своеасаблівай рэакцыяй на спробы сучасных беларускіх уладаў прыменшыць маштаб палітычных рэпрэсій эпохі сталінізму і неяк апраўдаць іх. Паводле ягоных слоў, штуршком для працы над кніжкай, якая з’яўляецца першым у краіне рэгіянальным даведачным выданнем пра ахвяраў савецкага таталітарызму, сталі кнігі вядомых беларускіх даследчыкаў сталінскіх рэпрэсій Ігара Кузняцова і Леаніда Маракова, а таксама выданне Александра Лукашука “За кіпучай чэкісцкай работай” і “Картатэка Сталіна”, якая падрыхтаваная Сяргеем Дубаўцом і ўключае больш за 60 тысяч імёнаў рэпрэсаваных.
Падчас працы над выданнем, што доўжылася амаль чвэрць стагоддзя, былі выяўлены больш за 1,5 тысяч новых імёнаў ахвяраў сталінізму, якія публікуюцца ўпершыню разам з многімі фактамі з сакрэтных архіваў спецслужбаў і ўспамінамі рэпрэсаваных і іхніх сваякоў. Апроч таго, у выданне ўвайшоў раздзел “Кіраўнікі, работнікі і актывісты партыйных, савецкіх і карных органаў Крупскага і Халапеніцкага раёнаў” з біяграмамі і ўспамінамі пра гэтых чыноўнікаў, напісанымі іх сваякамі і мясцовымі жыхарамі.
Сяргей Дубавец звярнуў увагу на вялікую важнасць таго, што тэмай масавых палітычных рэпрэсій камуністычнага таталітарнага рэжыму заняліся апантаныя краязнаўцы, закаханыя ў свой рэгіён, якія з пазіцый чалавека пачатку XXI стагоддзя глядзяць на цікавосткі мінулага і дапамагаюць на рэгіянальным ўзроўні стварыць нацыянальную міфалогію — “забаўляльную, дзівосную і проста неверагодную”.
На ягоную думку, дзякуючы такім выданням можна не толькі ўявіць маштаб трагедыі беларускага народа, але і ўбачыць прадстаўнікоў тых саслоўяў і прафесіяў былой Беларусі, якая памерла ў 1920–1930-я гады і пра якую сучаснікі амаль нічога не ведаюць. Як мяркуе Сяргей Дубавец, выданні такога кшталту будуць запатрабаванымі і падчас будучага судовага працэсу над камунізмам, на якім вольная беларуская дзяржава зможа пакараць злачынцаў і даць хоць нейкую сатысфакцыю пацярпелым ахвярам і іх нашчадкам.