Беларускія лабірынты Вацлава Ластоўскага

Станаўленне беларускай дзяржаўнасці адбывалася ў ідэйным суплёце з развіццём мастацтва: палітыка ядналася з творчасцю. Беларуская літаратура з пачатку ХХ стагоддзя прапагандавала два асноўныя канцэпты мадэлі нацыянальнага дзяржаваўладкавання, натхнёна запазычаныя са спратаў гісторыі: Крывію (старажытнае Полацкае княства) і Вялікае Княства Літоўскае.



3_lasto_sk_.jpg

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі — паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца, гісторык, выдавец, палітык, дыпламат — нарадзіўся 130 гадоў таму; у 35 стаў кіраўніком БНР (старшынёй Рады, прэм’ер-міністрам), у 45 — акадэмікам Акадэміі навук Беларусі;
Адным з першых мастацкую праграму ўсведамлення будучага беларускай краіны праз асэнсаванне яе мінуўшчыны прапанаваў пісьменнік-энцыклапедыст, палітык еўрапейскага маштабу Вацлаў Ластоўскі. Галоўная ідэя яго твораў — адраджэнска-нацыянальная, а тэма — сцвярджэнне самабытнасці беларускага народа.

Болесныя роздумы над лёсам Бацькаўшчыны прывялі В. Ластоўскага ў пракаветныя лабірынты-таямніцы беларускай душы — у міфічную Крывію. Яго найбольш вядомы празаічны твор — аповесць «Лабірынты» — стаў узорам рамантычнай прозы на гістарычную тэму.


Аднак, думаецца, гістарызм «Лабірынтаў» — ужо «паслявальтэрскотаўскі», гістарызм найперш інтэлектуальны, бо на парозе ўжо было ХХ стагоддзе, самы яго разгар, і таму проза В. Ластоўскага 20-х гадоў адчувала павевы новага мастацкага мыслення, звязанага з эпохай мадэрнізму. Тыя павевы мадыфікавала ўласная нацыянальная глеба, напаўнялі змястоўнасцю задачы новага беларускага адраджэння і адпаведныя гісторыка-культурныя асацыяцыі. «Лабірынты» — сплаў філасофска-культурных напрацовак (да ўсяго — мінітрактатаў па гісторыі сусветнай міфалогіі, народнай астраноміі, этнаграфіі) і мастацкай містыфікацыі гісторыка-міфалагічнага кшталту, духоўная аснова беларускай Крывіі, адна з першых фундаментальных мастацкіх канструкцый нацыянальнай канцэпцыі быцця. 
Шмат у чым аўтабіяграфічнаму герою «Лабірынтаў» у круглай падземнай «салі» адкрыўся пракаветны алімп дахрысціянскіх продкаў: славянская Троіца і «сем галоўных сіл, уладаючых светам»: Кон (Конязь) з сімвалам сонца, Княжыч (Месяц) з сімвалам маладзіка, Ярыла з сімвалам Марса, Радзігост з сімвалам Меркурыя, Пярун-Грамавік, Грамавіца з сімвалам Венеры і Лада (Ладон) з сімвалам Сатурна. «Ніжэй гэтых сямёх асоб маецца дванаццаць сімвалаў, азначаючых дванаццаць знакаў Задыяка, а пад імі — чатыры вятры, бытуючыя на чатырох канцах зямлі <...> У самым нізе было <...> царства смерці, дом вечнай цемры з яго жыхарамі. На першым плане былі дзве галоўныя фігуры: Люцец, Люты (Pluto), або Кашча Бяссмертны, і яго жана — Марва».
Міфалагічныя, тэасофскія, фальклорныя, навуковыя і ўласнамастацкія штудыі ў «Лабірынтах», па вялікім рахунку, былі скіраваны на асвятленне актуальных праблем сучаснасці, яны, як адчуваў і сам В. Ластоўскі, дапамагаюць раскрываць «сімвал пройдзенай народам гісторыі». «Нягледзя на тое, што даўно па-свойму рашыў Юпітэр зямельнае права, права гэта да сягоння несправядлівае. І будзе датуль актуальным, пакуль кожны народ не станецца гаспадаром у сваім краі, — наўпрост выводзіць В. Ластоўскі паралелі ў сваю рэальнасць, — пакуль кожны, хто палівае сваім потам загон, не будзе праўным, прызнаным і ўсвячоным правам яго валадаром. Гэты ж час ужо недалёк!».
Таму, думаецца, называць «Лабірынты» В. Ластоўскага ўтопіяй (як выказваліся некаторыя навукоўцы) можна толькі ў вузкалітаратурным значэнні, бо традыцыйная філасофская трактоўка паняцця ўтопіі — як мадэлі прыдуманага ідэальнага грамадства — аніяк не магла адпавядаць задумам і ідэям В. Ластоўскага, які, выпісваючы ў «Лабірынтах» мадэль-ідэал духоўнага і сацыяльнага ўладкавання сваёй краіны, хоць і з рамантычным, ідэалістычным флёрам, усё ж высільваўся пераканаць у непрыдуманасці, колішняй рэальнасці, фундаментальнасці вымаляванай мадэлі быцця, пераканаць у яе трывалых падмурках, якія закладваліся цягам доўгіх стагоддзяў і працай (найперш духоўнай) многіх пакаленняў крывічоў-беларусаў.
Менавіта адсюль у аповесці — шмат спасылак і зносак на навуковыя працы, «рэдактарскія» прыпісы, угрунтаваны тэрміналагічны апарат, насычанасць сімволікай, паняццямі міфалогіі, эзатэрыкі. Больш правільна, думаецца, пра «Лабірынты» трэба гаварыць як пра нацыянальную містэрыю, дзе апісаны народны духоўны космас і асноўныя вехі нацыянальнага культурнага станаўлення, як пра адмысловую нацыянальную практопію, створаную на аснове старажытнай беларускай гісторыі.
Калі бальшавіцкая дагматыка пачала, прафануючы, дапасоўваць беларускую нацыянальную ідэю да ідэалогіі прарасійскай БССР, некаторыя беларускія творцы (і адным з першых В. Ластоўскі), адчуўшы фальш і падман, сталі выяўляць нацыянальную ідэю ў вобразе міфічнай Крывіі.

Крывія — тая міфапрастора, якую ўжо не маглі ні паланіць, ні скарыць аніякія чужынцы. Крывія для беларускіх творцаў — як вечны Акропаль для грэкаў. Крывія — і ўсё тыя ж духоўныя лабірынты, і духоўны супраціў, эміграцыя ў саміх сябе. Крывія — на стагоддзе шырэйшая і на пакаленні багацейшая ў сваёй адраджэнска-эстэтычнай сутнасці мастацкая трансфармацыя беларускай нацыянальнай ідэі, — у параўнанні з «лабірынтамі» творцаў ХІХ стагоддзя.


Філаматы і філарэты, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан і іншыя, у выглядзе ліцвінізма патэнтавалі адно своеасаблівую мутацыю старабеларускасці і нацыянальнай ідэі, «крывізм» жа на пачатку 20-х гадоў ХХ ст. рабіўся новай сімвалічна абгрунтаванай канцэпцыяй нацыянальнага быцця беларусаў.
Адной з частак аповесці «Лабірынты», яе ўмоўным працягам (ці, правільней, пачаткам) можна лічыць і «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В. Ластоўскага. Гэта — біблія крывіцкай душы, якая яшчэ раз «узаконьвала» думку аб тым, што «ісконе бе слово» і на пачатку кожнай нацыі была мова. Прадмова да «Слоўніка» В. Ластоўскага (па сутнасці — верш у прозе) стала шыфрам-ключом да ўсёй працы. У прадмове тэзісна выкладзена — па перыядах — уся гісторыя «Крывіі»: «На зарані гістарычных часоў наш народ выступае як сарганізаванае цэлае, нацыянальнае і палітычнае, пад найменнем Крывічы. <...> у перыёд ад прыняцця хрысціянства да запанавання новай, літоўскай дынастыі, наступае замяшанне ў паняццях: народ Крывічы, якім яго ўсе кругом называюць, хочучы адзначыць сваю прыналежнасць да хрысціянства ўсходняга абрадку, мянуе сябе <...> Русамі, Руссю». Крыўска-рускую дынастыю, паводле Ластоўскага, у ХІІІ стагоддзі змяняе літоўская, замест наймення «Крывічы» пачынае ўжывацца «Літва». Гэта — другі перыяд, «які трываў немаль да канца ХVІІІ ст. <...> Дзяржаўна — Літва, па веравызнанню — Русь. Па гэтай старой памяці ў палуднёвых і ўсходніх паветах <...> дагэтуль наш народ называе сябе Літвінамі». Трэці перыяд у гісторыі развіцця беларуска-крыўскага народа, на думку В. Ластоўскага, быў літоўска-польскім, калі беларуская шляхта пачувалася патрыётамі літоўскімі, «а па культуры і веры мела сябе за палякаў». Пад расійскім панаваннем праходзіў перыяд чацвёрты — расійска-беларускі, калі «ад народу адпадае рэшта грамадскіх вярхоў, тонучы ў расійскай самадзяржаўнасці і называючы сябе <...> «рускімі»<...> Гэты перыяд замацаваў яшчэ адно найменне — Беларусы».
Распачынаючы новую хвалю беларускага нацыянальнага Адраджэння, В. Ластоўскі імкнуўся (у некаторых выпадках нават і праз містыфікацыю) выявіць канцэптуальныя першавытокі станаўлення нашай дзяржаўнасці, высвеціць да самых «каранёў» нацыянальную ідэю. «Цяперашняе нацыянальнае адраджэнне нашае пачалося не са старых абсохшых галін, а з каранёў народных, — пісаў ён у той жа «Прадмове». — <...> не выракаючыся культурных здабыткаў, прыдбаных у нашу нацыянальную скарбніцу пад найменнем «Русь», «Літва»<...>, хочучы быць самастойным славянскім народам, выносіць з гісторыі нашай і нашага народу на свет прастарое племянное і нацыянальнае сваё найменне — Крывічы».
Сваю крыўскую ідэю В. Ластоўскі працягваў развіваць і ў навукова-папулярных артыкулах: «Крыўскі варыянт быліны аб Іллі Мурамцы» (1924), «Крыўскі (Беларускі) старадаўні лістоўны стыль» (1924), «Аб назовах «Крывія» і «Беларусь» (1925). Апошні найбліжэй стаіць да згаданай «Прадмовы», датлумачвае і пашырае яе высновы: «Жаданне паставіць на годную вышыню імя «крывічы» лагічна выплывае з разумення адраджэнча-нацыянальнага руху <...>. Крыўскае адраджэнне ад сваіх першых пачаткаў мае на мэце злучыць  разбіты гістарычнымі падзеямі вялікі і слаўны крыўскі народ духова і фізічна <...>. Як «беларусы» мы — толькі адбіццё агульнарускай індывідуальнасці, нейкі «промежуток и недоумок», але як «крывічы» — мы асобны індывідуум, асобнае славянскае племя са сваёй багатай мінуўшчынай, сваёй асобнай мовай, тэрыторыямі і духовай творчасцю».

Ідэі В. Ластоўскага ў многім прадвызначылі кірункі далейшага развіцця беларускай літаратуры. Крывія В. Ластоўскага займела сотні прадаўжальнікаў — як у тэарэтычна-навуковым, так і ў «практычна-літаратурным» увасабленні, займела сотні адданых «грамадзянаў»: ад узвышаўцаў У. Дубоўкі і У. Жылкі да літаратараў канца ХХ ст. 


В. Ластоўскі ўпершыню ў беларускай літаратуры, узвысіўшыся над простай аналітычнай ілюстрацыйнасцю, даў грунтоўнае, цэльнае і кампактнае ўвасабленне нацыянальнай канцэпцыі быцця, фундаментальнымі катэгорыямі якой выводзіліся міфалагічнае светабачанне, гістарычная самасвядомасць, актыўнае выкарыстанне дасягненняў традыцыйных навук (з пераважным акцэнтам культуразнаўчай галіны), родная мова і, як неадменны сацыяльны і культурны гарант, — незалежнае дзяржаўнае існаванне ў дзейсным сусветным узаемаабмене матэрыяльнымі і культурнымі набыткамі.