Беларускі ЗША падтрымалі «Амерыканку»

Беларуска-Амерыканскае задзіночанне Вашынгтона сабрала сродкі на друк «Пенелапіяды» Маргарэт Этвуд.

atwood_03.png

Кніжная серыя "Амерыканка" завяршае збор грошай на выданне культавых кніг у беларускім перакладзе. Падчас кампаніі ўдалося сабраць ахвяраванні на друк “Байцоўскага клубу” Чака Паланюка. Наступнай кнігай, якая атрымала шанец на друк, зрабілася “Пенелапіяда” Маргарэт Этвуд.

У выдання з’явіўся генеральны спонсар — Вашынгтонская філія Беларуска-Амерыканскага задзіночання.

Для Беларуска-амерыканскага задзіночання Вашынгтона (BAZA-DC) “Амерыканка” — важная падзея ў беларускай культурнай прасторы, — кажа каардынатарка збору сродкаў Аляксандра Мілянцей. — Сябры БАЗА сачылі за кампаніяй па збору сродкаў на выданне серыі і вырашылі падтрымаць ініцыятыву перакладчыкаў, якія перастварылі творы паўночна-амерыканскіх аўтараў пра свабоду і чалавечую годнасць”.


 Маргарэт Этвуд. Фота www.sott.net

 Маргарэт Этвуд. Фота www.sott.net

Сакавік у ЗША — месяц, прысвечаны ролі жанчын у гісторыі, і таму папулярызацыя твора канадскай пісьменніцы, паэткі і літаратуразнаўцы Маргарэт Этвуд на беларускай мове падалася беларускам (усе ўдзельніцы акцыі — жанчыны) выдатнай магчымасцю звярнуць увагу на гэту важную тэму.

У сваю чаргу, "Амерыканка" дасягнула адну са сваіх патаемных, але важных мэтаў: кніжная серыя стаецца мастком, перакінутым цераз акіяны, злучаючы беларусаў па ўсім свеце.

Перакладчыцы “Пенелапіяды” шчыра дзякуюць BAZA-DC за аказаную падтрымку.

Марыя Мартысевіч, рэдактарка кніжнай серыі "Амерыканка"