Беларускі ПЭН-цэнтр атрымаў рэгістрацыю ў Польшчы

Ліквідаванае дзяржавай беларускае аддзяленне Міжнароднага ПЭН-клуба цяпер мае польскую «прапіску». Пра гэта паведамляецца ў ТГ-канале Беларускага ПЭНа.

228866a79013829921bdfa5bcff35ca68af81955.jpg


Міжнародны ПЭН-клуб — няўрадавая праваабарончая арганізацыя, якая адстойвае правы пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, якія падвяргаюцца пераследу. Беларуская філія гэтай арганізацыі — Беларускі ПЭН-цэнтр — была створаная ў 1989 годзе. У розныя часы прэзідэнтамі Беларускага ПЭНа былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч. Сёння арганізацыю ўзначальвае паэтка Таццяна Нядбай.
У ліпені 2021 года па юрыдычным адрасе ПЭНа прайшоў ператрус, былі арыштаваныя рахункі арганізацыі. 9 жніўня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтр.
Ужо больш за год каманда Беларускага ПЭНа знаходзіцца ў выгнанні. Сёння яны паведамілі пра афіцыйную рэгістрацыю арганізацыі ў Польшчы.
Нагадаем, у 2021 годзе улады пачалі актыўную «зачыстку» грамадзянскай супольнасці Беларусі. Суды па ліквідацыі НДА працягваюцца дагэтуль. На дадзены момант у спісе ліквідаваных арганізацый больш за 800 пазіцый.