«Арт Сядзіба» спыняе сваё існаванне
Пасля 10 гадоў працы незалежная культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» спыняе працу.
Інфармацыя пра закрыццё «Арт Сядзібы» з'явілася ў сацсетках пляцоўкі.
«"Арт Сядзібе" 10 гадоў і на гэтым усё?
Праўда, на гэтым усё!
Па прычыне таго, што мы знаходзімся ў стадыі ліквідацыі, а яшчэ неўзабаве прымуць закон аб адказнасці за дзейнасць арганізацый, якія ліквідаваныя, мы прынялі рашэнне не працягваць дзейнасць.
Дзякуем усім, хто быў з намі ўсе гэтыя гады.
Мы вас любім!» — гаворыцца ў паведамленні на старонцы «Арт Сядзібы» ў Фэйсбуку.
За час існавання на пляцоўцы прайшло безліч імпрэзаў з удзелам прадстаўнікоў незалежнай беларускай культуры. «Арт Сядзіба» неаднаразова падвяргалася ціску ўладаў, ёй давялося змяніць некалькі памяшканняў.
Адзін з пачынальнікаў «Арт Сядзібы» Павел Белавус цяпер падазраваны па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ён знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.