Анхела Эспіноса Руіз пра шлях да беларускай мовы
"Мае бацькі, канешне, хацелі выбраць мне перспектыўную прафесію, але дакладна не філолага. Але я моцна захапілася мовамі. Два гады канфліктавала з бацькамі, асабліва з мамай, якая даволі цяжка гэта ўспрыняла" , — распавяла Анхела Эспіноса Руіз.
Беларускамоўная іспанка, паэтка Анхела Эспіноса Руіз, распавяла "Радыё Рацыя" пра свой шлях да беларускай мовы.
— Я вельмі рады бачыць вас у Беластоку. І хачу пачаць з самага пачатку, як кажуць. Адкуль у вас зацікаўленне беларускай мовай? Вы ж дзяўчына з самага поўдня Іспаніі, з Малагі, калі не памыляюся. А з нашага гледзішча, гэта ўжо канец Еўропы.
— Ну гэта і ёсць канец Еўропы насамрэч. У нас ёсць «балкон Еўропы» каля Малагі. І я сапраўды павінна была быць далёка ад беларускай мовы.
Гэта даволі доўгая гісторыя: калі мне было 15 гадоў, я атрымала вельмі цікавую стыпендыю, па дыпламатыі, ад Дзярждэпартамента ЗША. Я была адзінай іспанкай на гэтым семінары, на гэтай праграме і там былі людзі з розных краін Еўропы: ад 15 ад 19 гадоў у дзвюх групах. Я была ў малодшай групе. Былі людзі з Еўропы, з Еўразіі і з розных штатаў ЗША. Там я ўпершыню пачула агулам славянскія мовы.
Цяпер я валодаю і беларускай, і польскай, бо жыла два гады ў Варшаве, і рознымі славянскімі мовамі. А тады я не ведала, дзе заканчваецца адна славянская мова, і дзе пачынаецца другая. І гэтыя мовы мяне моцна заінтрыгавалі, спадабаліся.
Расейская мова, вядома, пераважала, але было і пара палякаў, якія між сабой раз-пораз размаўлялі па-польску, украінец, беларусы былі.
Адзін з іх аднойчы, калі ён хацеў абмяркоўваць прыватна нейкую справу, я, канешне, не ведаю якую, з украінцам, дык яны перайшлі кожны на сваю родную мову, а так агульна ён бы расейскамоўны. Я чула, як людзі з былога ССР наракалі, што яны не разумеюць нічога. Я пытаю: А чаму вы не разумееце? Яны не па-расейску кажуць? «Не. Яны размаўляюць на мовах».
Гэта было вельмі цікава. Праз год яшчэ была афіцыйная сустрэча ў Балгарыі, і мне таксама спадабалася балгарская мова. Я ўжо крыху чытала кірыліцу, бо вельмі хацела вывучыць прынамсі расейскую мову. А потым, можа працягваць, а можа і не. Я не загадвала наперад.
У мяне засталіся з праграмы рэгіянальнай сустрэчы, якая збірала людзей трох пакаленняў, вельмі добрыя сябры з Беларусі. Проста так гістарычна склалася. Яны пачалі пакрысе знаёміць мяне з беларускай культурай, музыкай асабліва, літаратурай у перакладах.
А ў 2010 годзе я напісала артыкул пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, яго апублікавалі ў рэгіянальнай газеце ў Малазе.
Я хацела, каб людзі ў Іспаніі зразумелі, што ў Еўропе ёсць такая краіна, як Беларусь. Што адбываецца ў Беларусі, што гэта Еўропа, хоць і за мяжой Еўразвязу. І гэта для мяне было ўжо вострым і важным пытаннем. Мая сяброўка з Беларусі прымусіла мяне даслаць гэты апублікаваны артыкул на конкурс. На наступны год быў абвешчаны конкурс «Беларусь у фокусе», арганізаваны ў Варшаве.
І нейкім цудам я перамагла ў гэтым конкурсе. І мяне запрасілі ў Варшаву. А ў Варшаве на гэтых цырымоніях, на узнагароджанні я ўпершыню апынулася ў беларускамоўнай кампаніі. Там былі беларускія журналісты, культурныя і палітычныя дзеячы. І мне моцна спадабаліся і людзі, і мова.
Я ўжо падвучыла крыху расейскую, украінскую пачала была вучыць па вершах Ліны Кастэнка, польская ва ўніверсітэце мела ўжо пачацца ад наступнага семестра. І я ўжо разумела, што калі мне так падабаецца і так цікавіць мяне Беларусь, дык каб быць у курсе падзей у Беларусі, мне трэба ведаць беларускую мову.
— А як сям’я аднеслася да вашага захаплення нейкай славянскай мовай, а гэтыя славянскія народы невядома дзе жывуць? І вы не выбралі нейкай прэстыжнай мовы, напрыклад, расейскай, польскай ці чэшскай, а выбралі беларускую мову, якую нават нацыя не хоча вывучаць.
— Спачатку было складана. Але я была адораным дзіцём, мела талент да моў, да іншых школьных прадметаў. Мае бацькі, канешне, хацелі выбраць мне перспектыўную прафесію, але дакладна не філолага. Але я моцна захапілася мовамі.
Два гады канфліктавала з бацькамі, асабліва з мамай, якая даволі цяжка гэта ўспрыняла. Мама была з небагатай сям’і, мела шмат цяжкасцяў у жыцці, таму хацела, каб я жыла лепш за яе. Аднак маме таксама было прынцыпова, каб я паступіла вучыцца туды, куды мне хочацца, каб я любіла сваю прафесію. Таму яна ў выніку змірылася з маім выбарам. І я паехала ў магістратуру ў Варшаву.
Падчас вучобы ў Варшаве я на некалькі дзён выехала з групай у Беларусь. У многім з гэтым выездам нам дапамагла Ганна Пякарская. Апрача мяне і Ганны, астатнія былі ў групе этнічныя палякі, якія мелі пэўныя стэрэатыпы пра Беларусь. І яны шукалі прыкметы дыктатуры, таго, што беларусы больш п’юць і г.д. Мы былі там некалькі дзён.
Я проста хацела пабачыць на ўласныя вочы краіну, якая мяне цікавіць, якую я люблю. І яна мяне не расчаравала, хоць многія мае беларускія знаёмыя казалі, каб не ехала, што магу расчаравацца, казалі, каб, можа, любіла Беларусь здалёку. Але гэта на мяне не паўплывала. А наадварот, там вельмі добрыя людзі, цікавая архітэктура, вельмі прыгожая прырода.
Мне нават Менск спадабаўся. Для мяне гэта ў нейкім сэнсе таксама экзотыка. Тады, у 2015 годзе, я правяла прэзентацыю свайго першага зборніка і зарабіла 3 мільёны беларускіх рублёў таго часу. Так я стала першым мільянерам у нашай сям’і, чым вельмі ганаруся.