14 красавіка на малой сцэне КЗ «Мінск» адбудзецца сольны канцэрт этна-трыа «Троіца»
Мінулы год калектыў завершыў гучным аншлагавым канцэртам з мноствам запрошаных гасцей — адзначыў такім чынам 20-годдзе сумеснай працы музыкантаў, што ўваходзяць у цяперашні склад, — Івана Кірчука, Юрыя Дзмітрыева і Юрыя Паўлоўскага. Свае наступныя 20 год «Троіца» пачынае з душэўнага і ўтульнага канцэрта, на які змогуць патрапіць толькі абраныя гледачы — зала зусім невялікая, усяго на 250 месцаў. І кожнаму ўдасцца ўслухацца ў неверагодны голас Івана Кірчука і магічнае гучанне народных інструментаў з усяго свету, адчуць, быццам «Троіца» іграе толькі для яго.
— Мы ўжо выступалі на гэтай сцэне, я паказваў і сваю сольную праграму — зала мне вельмі падабаецца сваёй акустыкай, формай амфітэатра, блізкасцю да публікі. Там можна стварыць належную чароўную атмасферу, — кажа Іван Кірчук.
Дарэчы, колькасць незвычайных народных інструментаў у групы расце з кожным днём — новыя здабыткі, новыя вырабы беларускіх майстроў гледачы змогуць пабачыць і паслухаць на канцэрце. Гэтак жа як змогуць пачуць і новыя кампазіцыі — іх будзе нямала ў праграме. Праца над песнямі ў “Троіцы” ніколі не спыняецца — апошні альбом “Цар-агонь” выходзіў два з паловай гады таму, і з таго часу група адшукала цэлы шэраг адметных твораў у фальклорнай скарбніцы Беларусі. Але ж большую частку праграмы складуць ужо знаёмыя кампазіцыі, што былі на розных альбомах — ад самага першага да самага новага.
— Так складваецца, што “Троіца” выступае ў Мінску толькі два разы на год, — расказвае Іван Кірчук. — Сапраўды, канцэрты ў Мінску, ды й ўвогуле ў Беларусі ў нас нячастыя. Тым не менш, як я жартую, сваю тысячу прыхільнікаў на двухмільённы Мінск мы дакладна маем.
Але будуць у групы сёлета і фестывалі — замежныя і беларускія. Астатнія ж планы музыканты пакуль не гатовыя раскрываць.
Да веснавога канцэрта “для сваіх” застаецца месяц, і варта паспяшацца з квіткамі.
14 красавіка, малая зала КЗ “Мінск”. 19.00Этна-трыа ТРОІЦАІнфалінія: гарадзкі 3286638, 44 5517706, 29 851776
Паводле прэс-рэліза