Жыхароў Жодзіна прымушаюць падпісацца на дзяржаўную газету
Паведамленні аб прымусовай падпісцы разаслалі класным кіраўнікам.
"У абавязковым парадку трэба да 24.12.2021 выпісаць кожнаму класу на першы квартал 2022 года газету "Жодзінскія навіны", — такое паведамленне атрымалі класныя кіраўнікі ў Жодзіне. Кошт падпіскі — 16 рублёў.
Бацькі пераслалі EX-PRESS.BY скрыншоты са школьных чатаў. Меркаванні розныя: ёсць тыя, якія склаліся па рублю і аформілі падпіску, іншыя адказалі, што катэгарычна супраць.
Паводле інфармацыі на сайце выдання, гарадская грамадска-палітычная газета "Жодзінскія навіны" заснавана ў 1991 годзе. Заснавальнік: Жодзінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
«Сёння "Жодзінскія навіны" — гэта 24-палоснік па серадах (поўнакаляровы друк). Агульны тыраж — 9 000 экз. ("ЖН", "ЖЭР"). Выданне распаўсюджваецца па падпісцы і ў розніцу.
Створана ўласная служба дастаўкі газеты падпісчыкам (дыспетчар і 10 кур'ераў). Таксама арганізавана спецыяльная акцыя "Мы ідзем да вас" — можна выклікаць кур'ера на дом і аформіць падпіску", — гаворыцца на сайце.
Нагадваем, што ў Беларусі працягваецца зачыстка недзяржаўных СМІ. Як адзначае БАЖ, улады абмежавалі доступ да больш як 100 грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыяў. Большасць нацыянальных і рэгіянальных газет былі вымушаныя спыніць выпуск у друкаванай форме (у тым ліку, "Новы Час"), але працягваюць існаваць анлайн. Больш за 500 разоў пасля выбараў сілавікі затрымоўвалі журналістаў, больш за 130 калегаў былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту. 68 калегаў зазналі гвалт або былі параненыя. Больш за 60 прадстаўнікоў медыяў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, з іх 31 чалавек – пад вартай або ў месцах пазбаўлення волі. У офісах большасці незалежных нацыянальных і рэгіянальных медыяарганізацыяў і кватэрах іх супрацоўнікаў адбылося каля 140 ператрусаў і аглядаў, якія суправаджаліся выманнем тэхнікі, дакументаў і грошай.