Журналісты «Белсата» аштрафаваныя агулам на 3910 рублёў

25 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска судзілі журналістаў Алеся Сіліча, Марыю Арцыбашаву, Сяржука Кавалёва і Кацярыну Андрэеву.

sud_centralny_minsk.jpg

25 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядаліся справы па арт. 22.9 КоАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) у дачыненні да Алеся Сіліча, Марыі Арцыбашавай, Сяржука Кавалёва і Кацярыны Андрэевай — беларускіх журналістаў, чые матэрыялы з'яўляюцца на тэлеканале «Белсат». Іх абвінавачвалі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ і працы без акрэдытацыі.

Разгляд справы Сяржука Кавалёва і Кацярыны Андрэевай адбыўся ў першай палове дня 25 жніўня, а разгляд справы ў дачыненні да Алеся Сіліча і Марыі Арцыбашавай распачаўся ў 15.00. Суддзёй на абодвух працэсах выступаў Ігар Касцян.

Нагадаем, Сяржук Кавалёў і Кацярына Андрэева ў суд не прыйшлі, таму справа разглядалася без іх. Журналістаў вінавацілі ў тым, што яны парушылі закон Аб СМІ, зрабіўшы два сюжэты для тэлеканалу "Белсат" — пра акцыю Мікалая Статкевіча на 3 ліпеня і пра Дзень дэсантніка. Агулам за гэтыя сюжэты журналісты атрымалі чатыры пратаколы (па два на кожнага). Суддзя Касцян прыняў рашэнне пакараць кожнага з журналістаў штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1150 рублёў).

 У 15.00 распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Алеся Сіліча і Марыі Арцыбашавай. Журналістаў вінавацілі у працы без акрэдытацыі падчас стварэння сюжэту пра акцыю "Крытычная маса" 28 ліпеня.

 

Алесь Сіліч і Марыя Арцыбашава. Фота Ірыны Арахоўскай

Алесь Сіліч і Марыя Арцыбашава. Фота Ірыны Арахоўскай

Суддзя Ігар Касцян задаволіў хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове, але весці відэазапіс пасяджэння не дазволіў.

Падчас сваіх выступаў журналісты сцвярджалі, што ў той час, калі яны запісвалі сюжэт пра "Крытычную масу", да іх не падыходзілі супрацоўнікі міліцыі, а пратаколы аб правапарушэнні яны атрымалі ўжо пазней. Таксама Сіліч і Арцыбашава падкрэслілі, што не разумеюць сутнасці правапарушэння, якое ім прыпісваюць.

Пасля перапынку, які цягнуўся больш за паўгадзіны, суддзя паведаміў рашэнне — пакараць Марыю Арцыбашаву і Алеся Сіліча штрафам у памеры 35 базавых велічынь кожнаму (805 рублёў).

spring96.org