ФРГ. Германію чакае новы раскол?
Брытанскі аўтарытэтны тыднёвік «The Economist» лічыць, што Германіі пагражае новы ўнутраны рэгіянальны канфлікт.
Гаворка не пра старую праблему рэінтэграцыі посткамуністычнай Усходняй Германіі. Высвятляецца, што ў краіне назіраецца імклівая эканамічная палярызацыя паміж паўднёвымі і паўночнымі землямі.
У той час як на Поўдні растуць заробкі і падае беспрацоўе, на Поўначы, наадварот, пануе стагнацыя. Прычым, квітнеюць нават паўднёвыя рэгіёны былой ГДР, накшталт Лейпцыга.
Прычыну бачаць у тым, што менш індустрыяльны Поўдзень раней пачаў адаптавацца да ўмоваў сучаснай гаспадаркі. Дапамагае Поўдню і тое, што тут (у Франкфурце-на-Майне) знаходзіцца самы вялікі аэрапорт у Еўропе.
«The Economist» лічыць, што пакуль рана казаць пра палітызацыю рэгіянальнай няроўнасці. Аднак, з іншага боку, фіксуецца, што электарат сацыял-дэмакратаў замацаваўся на Поўначы, а хрысціянскім дэмакратам больш сімпатызуюць выбаршчыкі Поўдня.
Самае цікавае, што новы падзел Германіі праходзіць па лініі двух дыялектаў нямецкай мовы — ніжняга і верхняга.
Паводле брытанскай прэсы