Журналіста Змітра Лупача аштрафавалі на 25 базавых велічыняў
Глыбоцкага сябра аргкамітэту БХД, журналіста Змітра Лупача 23 ліпеня Глыбоцкі райсуд аштрафаваў на 25 базавых велічыняў (4 млн. 500 тыс. рублёў).
Яго прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ і артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) на падставе размяшчэння 9 чэрвеня на сайце «Еўрарадыё» матэрыялу «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года», паведамляе БХД.
«Адвакат разнесла довады абвінавачвання ў пух і прах. Але суддзя Казак, якая таксама ўзначальвае раённы суд, нават не даслухала аргументы да канца і вынесла свой прысуд», — адзначыла каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
Нагадаем, што за апошні час па артыкуле 22.9 ч.2 КаАП былі асуджаныя больш за 25 журналістаў. Агульная сума штрафаў ужо перавысіла 100 млн. рублёў, паведамляе БАЖ.
У той жа час Змітра Лупача схілялі да супрацоўніцтва з КДБ.