Зона: з людзьмі і без

У Чарнобыльскую зону людзей цягне. Былых жыхароў — сум па малой радзіме. Цікаўных — прага да экстрыму, вострых адчуванняў. А на Радаўніцу ў адселеных вёсках жыццё ажывае на могілках.

Як збочыш на дарогу, што вядзе ў Брагін, колькасць машын скарачаецца да мінімуму. Па восені, калі краявіды шэрыя і змрочныя, настрой робіцца прыгнечаным. Вясною, калі ўсё буяе і цвіце, — у галаве дысананс. Прыгожыя прасторы, буйства прыроды быццам заманьваюць сюды людзей. Толькі ахвочых нямнога. Шчыльнасць насельніцтва вельмі нізкая.



761e6675f9e54673cc778e7fdb2823d2.JPG

У Чарнобыльскую зону людзей цягне. Былых жыхароў — сум па малой радзіме. Цікаўных — прага да экстрыму, вострых адчуванняў. А на Радаўніцу ў адселеных вёсках жыццё ажывае на могілках.
Як збочыш на дарогу, што вядзе ў Брагін, колькасць машын скарачаецца да мінімуму. Па восені, калі краявіды шэрыя і змрочныя, настрой робіцца прыгнечаным. Вясною, калі ўсё буяе і цвіце, — у галаве дысананс. Прыгожыя прасторы, буйства прыроды быццам заманьваюць сюды людзей. Толькі ахвочых нямнога. Шчыльнасць насельніцтва вельмі нізкая.
У вёсцы Двор Савічы Брагінскага раёна да аварыі на ЧАЭС было больш за трыста двароў, школа, крама і нават бальніца. Цяпер тут жыве з дзясятак людзей. Вёска разбураная, дамы спустошаныя. Пасля аварыі на ЧАЭС з Брагінскага раёна Гомельскай вобласці было эвакуявана і адселена 57 населеных пунктаў, дзевяць — пахаваныя. Больш за дваццаць восем тысяч чалавек былі адселеныя.
Запусцелая цэнтральная вуліца Леніна ў Двор Савічы (якое мястэчка ў Беларусі не мае вуліцы Леніна ці Савецкай?) заканчваецца могілкамі. Пасля Радаўніцы шэраг магіл дагледжаныя, упрыгожаныя пластыкавымі кветкамі, пад крыжамі фарбаваныя яйкі і булкі — сімвалы жыцця. Побач пакасіўшыся старыя закінутыя магілы з крыжамі. Жыць у вёсцы няма каму, але, калі глядзець па надпісах на крыжах і помніках, у сямейных пахаваннях з нядаўнімі курганамі зямлі знаходзяць спачын і тыя, хто ўжо даўно пакінуў Двор Савічы.
Горш за чалавека звера няма
Разбураныя хаты, зарослыя падворкі. І раптам на лаўцы побач з жылым домам — дзеці. Тут жыве сям’я з дзвюма малалетнімі дзяўчынкамі. Аксана і Ніна ходзяць у пачатковую школу. Іх маці Ірына працуе паштальёнам, праўда, лістоў зараз пішуць мала, збольшага сваякам тэлефануюць. Бацька дзяўчынак — Аляксандр — працуе ляснічым у радыеэкалагічным запаведніку. Ірына гаворыць, што дзяўчатак у вёску Хракавічы ў школу за дваццаць кіламетраў возіць аўтобус. “Як чалавек хоча вучыцца, то настаўнікі дапамагаюць. У другім класе можна запісацца дадаткова на нямецкую мову. Розныя кружкі ёсць, абы грошы. От нямецкі ў месяц каштуе каля васьмі тысяч, — расказвае Ірына. На здароўе і нястачу грошай жанчына не скардзіцца. Гаворыць, што ўсё вырошчваюць на падворку, а дзеці зімой хіба на прастуду хварэюць. Да слова, у вёсцы Двор Савічы былі выяўленыя выпадкі перавышэння нормаў па ўтрыманню радыенуклідаў у малацэ ад кароў з прыватных падворкаў.
Пытаюся, з кім дзяўчаткі гуляюць. “З бабамі, — адказвае Ніна. Дзяцей, апроч Ніны і Аксаны, у вёсцы няма. Жыць у амаль пустой вёсцы сям’я не баіцца. Адзінае, скардзяцца, што нестае работы. Маўляў, ад таго і моладзь з гэтага рэгіёну з’язджае. “Горш за чалавека звера няма. Работы няма, вось у чым пытанне. Калі б была тут праца... Я ў зоне, у запаведніку працую, дык у нас заробак больш мільёна, пайкі. Праўда, пайкі за шкоднасць — кампенсацыя абедаў — дванаццаць тысяч, і іх ужо колькі год не павышалі, — рэзюмуе Аляксандр.


Яшчэ адна жыхарка адселенай вёскі Марыя Чэчка з самотным жыццём таксама змірылася. На жанчыну аднойчы напаў ды пакусаў воўк, але вялікага страху ў блізкім суседстве з дзікімі жывёламі яна не бачыць. “Я лягу спаць, дык ні фортку, ні дзвярэй не замыкаю. Толькі сэрца забаліць, то я ўстану і ўсё паадчыняю. Не баюся, а каго тут баяцца? Дзіку я не трэба. Ён на гарод прыйдзе ды бульбу паесць, а я яму на што? — разважае старажыл Савічаў.
Сын Марыі — Валер Чэчка — у 1986-м жыў і працаваў у Прыпяці побач з Чарнобыльскай АЭС. Мае пасведчанне ліквідатара. Гаворыць, што жывы, бо “акліматызаваўся да радыяцыі, а вось маладыя салдаты, якіх кінулі ў 1986 годзе на ліквідацыю наступстваў аварыі, памерлі. “Гэта цяпер пачалі разбірацца. А раней: “Чарнобыль-Чарнобыль. Пра Прыпяць нічога не гаварылі, а гэта ж маладзёжны такі гарадок. Калі здарылася гэта, на рыбалку паехалі ранкам — выходны ж быў. Едзем, а там нешта блішчыць. Ніхто ж нічога не гаварыў. Дзеці ў школу хадзілі. Раніцай вадавозкі мыюць асфальт, а мы думаем: “О, кіраўніцтва харошае, раз асфальт мые. А яно, відаць, ужо пыхала. Толькі на трэці дзень людзей пачалі вывозіць, — прыгадвае ліквідатар падзеі дваццаціпяцігадовай даўнасці.


Плутоній тут будзе заўсёды
З украінскага боку зона адчужэння складае 2,5 тысячы квадратных кіламетраў. Разам з зонай абавязковага адсялення — 2,6 тысячы квадратных кіламетраў. Першы намеснік старшыні дзяржаўнага агенцтва па кіраванню зонай адчужэння Дзмітрый Бабро расказвае, што ў зону рэгулярна наведваюцца людзі. “Гасцей зоны ахова падзяляе на тры катэгорыі: першая — навукоўцы, журналісты, другая катэгорыя — былыя жыхары і іх сваякі. Дарэчы, апошнія любяць прыязджаць у Чарнобыльскую пушчу за ягадамі-грыбамі. Да аварыі тут былі чыстыя лясы, мясцовыя жыхары актыўна хадзілі за прыродным багаццем. Дык цяпер іх дзеці, быццам за памяццю роду, сюды ездзяць. Трэцюю катэгорыю турыстаў — так званых сталкераў — персанал зоны не любіць.
“Тут нельга хадзіць па лясах, дарожках. Тыя, хто называюць сябе “сталкерамі, не могуць апраўдваць уласнымі вострымі адчуваннямі небяспеку заражэння, якую нясуць блізкім. Каго могуць, таго ловяць. У нас за незаконнае пранікненне ў зону штотыдзень ловяць пяць-дзесяць чалавек. Штраф — трыста з нечым грыўняў, калі яны не займаліся тут браканьерствам ці зборам металу, — папярэджвае Дзмітрый Бабро.
З украінскага боку ў зоне жыве 210 самасёлаў. Паміж імі і адміністрацыяй зоны адсялення дзейнічае “джэнтльменскае пагадненне. Людзям падвозяць прадукты, вядуць дазіметрычны кантроль. Гавораць, што разумеюць: для старых высяленне будзе вялікай псіхалагічнай траўмай. Але новых людзей стараюцца ў зону на жыхарства не пускаць. Тым больш з малымі дзецьмі.


Калі з беларускага боку прырода захапляе, то ва Украіне “зона — суцэльны запаведнік дзікай прыроды. Двары і вуліцы адселеных вёсак і мястэчак патанаюць у зеляніне, белай кіпені кветак. У Чарнобылі, варта саступіць з цэнтральнай вуліцы, дзе знаходзяцца адміністратыўныя будынкі кіраўніцтва “зоны і музейны комплекс, прысвечаны 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, уражваюць дабротныя дамы, якія ўжо больш за два дзясятка гадоў стаяць без нагляду, велічэзныя дрэвы, густыя кустоўі. Горад атамшчыкаў Прыпяць цяпер таксама ў палоне зеляніны — вуліцы і алеі пазарасталі, дрэвы папрадзіраліся праз асфальт цэнтральнай плошчы. Але хадзіць па траве, кустоўі не раяць, бо можна “зазвінець. Шыльды рэстарану, гатэлю, герб СССР, вітрыны з надпісамі “1 мая, тэлефонная будка — закансерваваная і здзічэлая эпоха. Пройдзе яшчэ год дзесяць — і вуліцы Прыпяці зусім пераўтворацца ў непралазныя хмызы.
Дзмітрый Бабро расказвае, што калі стала вядома пра аварыю, то спачатку гэта ўспрынялі як нешта немагчымае, бо людзей вучылі — такога быць не можа. Калі стаў падымацца ўзровень радыяцыі, спецыялісты зразумелі — катастрофа. На майскія святы ў 1986 годзе ў Кіеве быў міжнародны велапрабег. “Лічыце, яны ўвесь час атрымлівалі флюраграфію, пастаянна, — суха канстатуе спецыяліст.


“Прыкладна тысяча квадратных кіламетраў ніколі не будуць адкрытыя. Там заўсёды будзе дзейнічаць радыяцыйны фактар. Я кажу “заўсёды, бо перыяд паўраспаду аднаго з ізатопаў плутонію, які вызначае забруджанасць, — 24 тысячы гадоў. Плутоній тут будзе заўсёды, — гаворыць Дзмітрый Бабро. — Што тычыцца стронцыю і цэзію, якія ёсць галоўнымі дозаўтваральнымі ізатопамі, то перыяд іх паўраспаду складае 30 гадоў. У прынцыпе, за дзесяць перыядаў паўраспаду іх колькасць за кошт фізічнага фактару зменшыцца ў тысячу разоў. Нейкія паўднёвыя ўчасткі зоны адчужэння праз некалькі дзясяткаў год могуць быць пераведзеныя ў іншы статус.
За 25 гадоў, якія прайшлі пасля аварыі на ЧАЭС, Беларусь увяла ў гаспадарчы абарот 16 350 квадратных кіламетраў зямель з першапачаткова забруджаных радыяцыяй 46 450 квадратных кіламетраў. Улады тлумачаць гэта тым, што адбываецца натуральны паўраспад радыенуклідаў, і землі становяцца бяспечнымі для выкарыстання.
Першы намеснік старшыні дзяржаўнага агенцтва па кіраванню зонай адчужэння Дзмітрый Бабро ініцыятывы беларускіх уладаў каментуе стрымана. “Можна рабіць пэўныя агра-хімічныя мерапрыемствы на забруджаных тэрыторыях. Першае: стабілізаваць радыенукліды ў глебе, каб яны не пераходзілі з глебы ў расліны, даваць адмысловыя прэпараты скаціне, то гэта блакуе некаторыя радыенукліды. У такім выглядзе і ў нас падобныя мерапрыемствы рабілі, яшчэ ў часы Саюза. Потым спынілі. Зямлі дастаткова, таму цяпер укладаць грошы, каб выпускаць сельскагаспадарчую прадукцыю ў зоне дабравольнага адсялення, няма сэнсу. Другі кірунак звязаны з тым, каб, наадварот, павялічыць паступленне радыенуклідаў у расліны, што ачышчае глебу. Потым гэтыя расліны спальваюць у адмысловых устаноўках, каб радыяцыя не трапляла ў атмасферу. Утылізаваць давядзецца толькі фільтры. Вось гэта мы і робім у зоне. Спальваем расліны, каб атрымаць цяпло, замясціць газ, які мы набываем за грошы. Цяпер ёсць маса лясоў, дзе драўніна моцна забруджаная. Калі гэтыя дрэвы спальваць у названых устаноўках, то мы ліквідуем крыніцы забруджвання, — тлумачыць палітыку Украіны наконт ачышчэння забруджаных тэрыторый.


Не Дзень Перамогі
Людзі, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, былыя жыхары адселеных вёсак населеных пунктаў, іх сваякі, ліквідатары збіраюцца ў Чарнобылі 9 мая, каб згадаць сумны вынік навукова-тэхнічнага прагрэсу.