Зняць вяршкі ў Ляхавічах: «Хто-небудзь з беларускіх інвестараў ведаў пра гэтую здзелку?»

«Першая ластаўка» ці як купляўся кантрольны пакет акцый «Ляхавіцкага малочнага заводу».

Фота «Ляхавіцкі веснік»

Фота «Ляхавіцкі веснік»


На днях стала вядома, што ў гэтага прадпрыемства змяніўся ўласнік: пакупніком стала бельгійская B.S.A. International S.A. — Малочная кампанія з сусветнага топ-3.
Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук адзначае, што ў Беларусі надыходзіць час вельмі цікавых здзелак, і гэта «першая ластаўка», на якую ён рэкамендуе звярнуць увагу.
— Бельгійская кампанія купіла 69,3% СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» за ~ $ 11,5 млн. Намінальны кошт акцыі гэтага прадпрыемства быў BYN17 ($ 8,8 за акцыю), а пакупнік заплаціў $ 52,87 за акцыю ў шэсць разоў больш. У ШЭСЦЬ разоў больш, — піша эксперт на сваёй старонцы ў Facebook. — Галоўным бенефіцыярам здзелкі апынуліся тыя, хто валодае астатнімі 30,7% акцый. Капіталізацыя іх каштоўных папер вырасла пасля здзелкі ў шэсць разоў. Хто-небудзь з беларускіх інвестараў ведаў аб гэтай здзелцы? Калі так, то толькі глыбока заканспіраваныя інсайдэры. Купляеш ў канцы снежня 50 тысяч акцый гэтага прадпрыемства па $ 8,8 за штуку, плаціш $ 440 тысяч. А ў лютым 2017-га гэтыя ж акцыі каштуюць $ 2643500. «Пад'ём» на адной удалай здзелцы — больш за $ 2,2 мільёны.
Раманчук адзначае, што засталося праверыць, ці былі праведзены здзелкі з каштоўнымі паперамі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» у апошнія 6-12 месяцаў, калі, відавочна, вяліся перамовы з замежным інвестарам.
І працягвае, што з дадзенай гісторыі можна атрымаць цэлы шэраг карысных урокаў. І вось першы:
— Намінальны кошт акцый, а, значыць, заяўленая дзяржавай капіталізацыя ААТ, а таксама РУПаў і іншых юрыдычных асоб, не мае нічога агульнага з рынкавым коштам. Адзіны спосаб даведацца рэальны рынкавы кошт — прадаць акцыі прадпрыемства на адкрытым аўкцыёне ці конкурсе, ва ўмовах сумленнай канкурэнтнай барацьбы. Хто яго ведае, калі б 70% акцый СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» прадавалі ў адкрытым рэжыме, цана магла б быць яшчэ вышэй.
Паводле gazetaby.com