Зміцер Дашкевіч на свабодзе

У 6.25 серады на волю з гарадзенскай турмы выйшаў старшыня «Маладога фонту» Зміцер Дашкевіч. Сустракаць палітвязня да турэмнай брамы прыйшлі дзясяткі ягоных сяброў, паплечнікаў і журналістаў.  



100_5944.jpg

Людзі чакалі Змітра пачынаючы ад поўначы. Супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжураць пры турме, спрабавалі прагнаць «вахтавікоў», маўляў, тыя праводзяць незаконнае пікетаванне, але потым супакоіліся.

Зміцер пакінуў гродзенскую турму ў турэмнай робе. Лідар «Маладога фронту» выглядаў вельмі схуднелым, але бадзёрым. Ён распавёў, што яму загадалі ўжо сёння, у сераду, да 17-й гадзіны з’явіцца ў Мінску ў міліцэйскі ўчастак і зарэгістравацца. «Мяне нібыта выпусцілі з адной малой турмы ў другую, вялікую», — адзначыў вызвалены моладзевы лідар.

100_5940.jpg

Пасля вызвалення Зміцер разам з жонкаю Настай вырашыў на кароткі час заехаць у свае родныя Старыя Дагрогі, каб пабачыцца з бацькам, які зараз хварэе. Найбліжэйшым часам Зміцер Дашкевіч паабяцаў падрабязна распавесці пра сваё зняволенне, а таксама пра планы на будучыню.

«Мы ўсе вельмі шчаслівыя, што наш сябра выйшаў на волю. Натуральна, ягоная крымінальная справа была сапраўднай правакацыяй напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб не даць Змітру ўдзельнічаць у Плошчы, і вельмі шкада, што Зміцер мусіў столькі часу правесці за кратамі», — адзначыў адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі. «Я проста шчаслівая, што Зміцер выйшаў на волю і што ён бадзёры і ўсміхаецца», — дадала жонка і паплечніца Дашкевіча Наста.

З улікам тэрміну, які Дашкевіч адбываў у 2006 годзе ў калоніі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі), лідар «Маладога фронту» правёў за кратамі амаль тры гады.