Затрымалі высокапастаўленага следчага, які вёў справу TUT.BY
У Мінску затрымалі начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі Дзмітрыя Далінніка. Пра гэта «Л*стэрку» паведамілі дзве крыніцы.
Паводле інфармацыі
адной з крыніц, затрыманне адбылося яшчэ ў лістападзе мінулага года. Затрымалі
высокапастаўленага следчага за хабар — называлася сума ў 500 тысяч долараў.
Крыніца таксама паведаміла, што акрамя Далінніка былі затрыманыя некалькі
службовых асоб з Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
З гэтым ведамствам Даліннік супрацоўнічаў па абавязку службы — усе буйныя
«фінансавыя справы» перадаваліся з ДФР КДК менавіта ва ўпраўленне па
расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарата СК.
Паводле звестак,
атрыманых ад іншага інфарматара, Дзмітрыя Далінніка ўзялі за атрыманне хабару ў
20 тысяч долараў.
«Яго затрымалі ў
дзень яго нараджэння — 11 лістапада. Наколькі мне вядома, узялі кагосьці яшчэ з
ДФР», — паведаміў ён.
Інфармацыю пра
тое, што Даліннік затрыманы, пацвердзілі таксама ў арганізацыі былых сілавікоў
Беларусі B*POL.
«Затрыманы месяц
таму за хабар. І не адзін», — распавялі ў B*POL.
Паводле
непацверджанай інфармацыі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Яго мабільны
тэлефон не адказвае. На адным з гарадскіх нумароў, пазначаных як яго рабочы,
паведамілі, што «Дзмітрый Аляксандравіч хварэе».
«Наўрад ці ў вас
атрымаецца з ім звязацца», — паведамілі па іншым нумары.
Дзмітрый Даліннік узначальваў следчую групу па «справе T*t.by», якую якраз у гэтыя дні разглядаюць у закрытым судзе.