Адціснуць TUT.BY не атрымалася, але мары пра нейкі «моцны медыяхолдынг» засталіся

Пра тое, чаму мары Лукашэнкі марныя, ці можна знішчыць незалежныя СМІ і заняць іх нішу праўладнымі разважае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

tut_2_1__1_.jpg

«Калісьці мы абмяркоўвалі пытанне стварэння сумеснага медыяхолдынгу. Я разумею, прэс-сакратары Беларусі і Расіі ад гэтай працы чамусьці адышлі, пакінуўшы яе на разгляд ці то вам паасобку (хоць паасобку такія пытанні не робяцца). Я яшчэ раз нагадваю: наша агульнае рашэнне, прэзідэнтаў Расіі і Беларусі, — стварыць добры, дыхтоўны, магутны, абавязкова сучасны.У адваротным выпадку будзем марнаваць грошы, а толку не будзе, — дакараў Лукашэнка 9 студзеня дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Дзмітрыя Мезенцава. — Да каго мы тут сёння прышпілімся? Да каго Беларусь і Расія могуць прышпіліцца? Наш лёс — ісці ўдваіх і каб да нас нехта прышпіляўся. Таму я думаю, што гэты медыяхолдынг сёлета, пажадана ў першай палове года, павінен запрацаваць».

У чым палягаюць інтарэсы Лукашэнкі? Чаму рэжым распраўляецца з буйнейшым беларускім парталам, але пры гэтым хоча «будаваць саюзны медыяхолдынг»? Чаму шлюб Лукашэнкі з журналістамі заканчваецца такім жорсткім і нават крывавым разводам? Пагаварылі з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.

bykowski_1.jpg

Фота з архіва Паўлюка Быкоўскага


Перадзел саюзных грошай

— Ёсць інфармацыйна-аналітычны партал «саюзнай дзяржавы» (soyuz.by), ёсць тэлебачанне (Телерадиовещательная организация Союзного государства Беларуси и России БелРос ТВ), і ёсць «Союзное вече», якое выпускаецца беларускімі дзяржаўнымі газетамі, напрыклад, «СБ,Беларусь сегодня» і «Российской газетой». Існуюць і іншыя праекты, больш дробныя, якіх даволі шмат.

Сама па сабе пастаноўка пытання пра тое, што трэба ствараць нешта новае, выклікае здзіўленне; гэта новая інтэрпрэтацыя, і хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра перадзел бюджэтных грошай. Для Расіі такія бюджэты не маюць вялікага значэння, а для беларускіх дзяржаўных медыя — гэта даволі-такі вялікі кавалак. Адкуль атрымліваюць фінансаванне беларускія дзяржаўныя медыя? Найперш гэта — бюджэт, па-другое — нейкая камерцыйная дзейнасць. Зараз камерцыйнай дзейнасці даволі мала, таму фактычна адзінай крыніцай, якая засталася ў распараджэнні, — грошы ад “саюзнай дзяржавы”. Таму ўсе размовы наконт стварэння саюзнага медыяхолдынга маюць адзін падтэкст: можна нешта пралабіраваць, а значыць, нешта і атрымаць.

Саму заяву Лукашэнкі цяжка зразумець: ён гаворыць так, нібыта сумесных медыяхолдынгаў і не існуе.

І сам не гам, і другому не дам

— Пажаданне-ініцыятыва Лукашэнкі прагучала 9 студзеня. І ў гэты ж дзень пачаўся суд над кіраўніцтвам парталам TUT.BY. Хутчэй за ўсё, храналагічнае супадзенне выпадковае, але сімвалічнае. У свой час гуляла версія, што беларускія ўлады могуць нацыяналізаваць партал і выкарыстоўваць па прамым прызначэнні. Прысабечыць сайт не ўдалося, давялося проста знішчыць. Што пайшло не так з такімі планамі?

— З аднаго боку, TUT.BY сапраўды ахопліваў дзве траціны інтэрнэт-аўдыторыі Беларусі. Таму і з’явіліся думкі: а давайце мы забярэм брэнд — і ўсе пяройдуць да нас. Брэнд забраць не ўдалося па шматлікіх прычынах: выданне не было прададзенае, прымусіць гаспадароў памяняць рэдакцыйную палітыку таксама не атрымалася, таму яго сапраўды знішчылі. Тыя, хто спрабаваў перахапіць нішу партала, пэўны час радаваліся, але ў прынцыпе нішу не ўдалося захапіць ніводнаму выданню, дзве траціны інтэрнэт-аўдыторыі зараз не ахоплівае ніхто.

Ёсць выданні, якія спрабуюць заняць нішу TUT.BY дагэтуль, прычым не толькі лаялісцкія, праўладныя, але сярод іх прысутнічаюць і камерцыйныя выданні. Але нават калі б супалі ўсе зоркі, гэта не адбываецца механістычна. Калі б удалося адціснуць брэнд, то некаторы час, як, напрыклад, у расійскай Ленце.ру, аўдыторыя прыходзіла б на сайт; аднак чытачы прыходзілі за канкрэтным якасным прадуктам, якога не стала, і адпаведна, аўдыторыя змянілася.

У Беларусі брэнд адціснуць не ўдалося, прапанаваць прадукт такой жа якасці не атрымалася. Можна разважаць, ці магчымая такая замена ўвогуле? Тэарэтычна нехта таксама можа рабіць прадукт, які будзе не за левых, не за правых, а даваць розныя меркаванні, але для жыццяздольнасці любога праекта трэба яшчэ, каб супалі зоркі, каб аўдыторыя паверыла, каб прадукт быў запатрабаваны менавіта зараз. Найперш навінамі цікавяцца тады, калі адбываецца нешта значнае ў грамадска-палітычным жыцці, часам — у эканамічнай сферы. Зараз на такія падзеі дэфіцыт, таму і аўдыторыя не прырастае.

Сярод лаялісцкіх праектаў можна адзначыць сайт Tochka.by, які нібыта прыйшоў на змену TUT.BY, але перахапіць ягоную аўдыторыю яму дакладна не ўдалося.

Таму не думаю, што механістычныя ўяўленні пра кіраванне медыяспажываннем, медыяпрасторай, інфармацыйнай прасторай у Беларусі маюць магчымасць быць рэалізаванымі.

— Ці не сведчыць гэтая няўдача пра адсутнасць прафесіяналаў адпаведнага ўзроўню ў кадравым рэзервы дзяржавы?

— Да такой высновы можна прыйсці: яны не здолелі зрабіць нічога падобнага.

А з другога боку, і на TUT.BY, і на іншых незалежных праектах працавалі людзі, якія раней працавалі на дзяржау таксама. Няважна, дзе чалавек працаваў раней, важна, ці здольны ён набыць досвед, патрэбны для паспяховай рэалізацыі праектаў.

Што не атрымлімваецца рабіць у беларускіх уладаў, дык гэта запускаць медыяпраекты, якія жывуць самастойным жыццём і выглядаюць незалежнымі, а значыць, выклікаюць давер. Калісьці ўлады запусцілі штотыднёвік “Обозреватель”, якая мусіла замяніць газету “Свободные новости”. Гэты праект не стаў такім паспяховым, хаця гэта была адна з рэдкіх спробаў стварыць альтэрнатыўнае выданне не пад прамым дзяржаўным кантролем: праект рабіў бізнэсмен, які хацеў атрымаць нейкія гешэфты з улады, але напрамую да ўладаў не належаў.

А вось у Расіі такія праекты спрацоўваюць: тая ж “Комсомольская правда”, якая мае і сваё рэдакцыйнае меркаванне, і разам з тым яна знаходзіць паразуменне з Крамлём — што зараз прасоўваць у масы. Выданне знаходзіцца на досыць доўгім ланцугу і можа сабе дазволіць самастойна прымаць рашэнні.

Беларускія прапагандысты часцей за ўсё не могуць самастойна прымаць рашэнні — не могуць рызыкаць. І гаворка не ідзе пра атрыманне грошай ад медыябізнэса: адзіны спосаб атрымання грошай — напісаць заяўку і атрымаць грошы з бюджэта, а не зарабіць грошы. Адпаведна такія праекты залежаць ад таго, хто выдае грошы, а не ад аўдыторыі. А TUT.BY і іншыя незалежныя медыі, якія ахоплівлаі вялікую аўдыторыю, лічылі галоўным сваім кліентам чытача і гледача, адпаведна чытач бачыў, што менавіта ён заказвае музыку. Такая пастаноўка пытання для дзяржаўных медыя проста немагчымая: там вядома, хто заказвае музыку і як яго завуць. Адзінае, што не вядома, дык гэта дакладны дзень нараджэння.

Журналістаў прыраўнялі да палітычных апанентаў і пачалі знішчаць

Лукашэнка заўсёды любіў і любіць пакрасавацца перад журналістамі, у тым ліку і перад незалежнымі. Пакуль не здарыўся працяглы і крывавы развод. Што пайшло не так?

— Насамрэч можна разважаць пра розныя перыяды ў гісторыі Беларусі, калі прэса то атрымлівала болей свабоды, то знаходзілася пад каўпаком. Поўнай свабоды слова ў перыяд існавання незалежнай Беларусі насамрэч фактычна не было.

Нейкі час пасля атрымання незалежнасці, калі беларускія ўлады былі шакаваныя правалам ГКЧП і сутыкнуліся з забаронай КПСС, а таму не ведалі, на якія рэльсы станавіцца, каму служыць, нават у дзяржаўных СМІ існавала свабода слова.

Калі ж перад прэзідэнцкімі выбарамі 1994 года рэжым Вячаслава Кебіча пачаў кансалідавацца і змагацца, у тым ліку і са свабодным словам, пазакрываліся праекты, якія прызначалі для дзяржаўных медыя. Але гэта выглядала так: дзяржава мае права.

Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, то ў нас быў відавочны пракол са свабодай слова, калі цэнтральныя газеты краіны, у тым ліку дзяржаўныя, выйшлі з “белымі плямамі”: хацелі надрукаваць антыкарупцыйны даклад дэпутата Сяргея Антончыка, аднак усе газеты выйшлі з белымі плямамі замест дакладу, бо даклад быў забаронены для распаўсюду, а газеты ўжо былі звярстаныя.

Пасля гэтага скандалу Лукашэнка памяняў кіраўніцтва большасці выданняў — і гэта стала адным са знакаў адсутнасці свабоды слова. Далей — болей. Мы бачылі, як паступова і паслядоўна выпрацоўваўся механізм здушэння свабоды слова ў незалежных медыя, як пасля 2001 года ў рэгіёнах зніклі незалежныя медыя. Адзінай выспай свабоды заставалася Брэсцкая вобласць, у астатніх абласцях такіх медыя амаль не засталося. Так улады паступова перакрылі незалежнае тэлевяшчанне, бо калісьці мясцовыя тэлекампаніі абменьваліся відэакасетамі, вазілі іх з горада ў горад і круцілі па кабельных каналах мясцовыя навіны. Гэта фактычна было спынена, бо ўлады захацелі кантраляваць і мясцовыя тэлеканалы.

Паступова дайшло да таго, што медыя, у тым ліку і незалежныя, не маглі развівацца нармальна, свабодна, але ўсё-такі яшчэ існавалі. Пасля 2020-га года, калі ўлады выбралі палітыку рэпрэсій у дачыненні да пратэстаў (незалежныя медыі асвятлялі і пратэсты, і, што асабліва важна, і рэпрэсіі), тады яны перасталі рабіць выгляд, што паважаюць законы, свабоду слова і фактычна прыраўнялі журналістаў незалежных медыя да палітычных апанентаў і пачалі знішчаць.

Сёння можна канстатаваць, што многія незалежныя журналісты выціснутыя з краіны (хаця частка з іх яшчэ засталася ў Беларусі), многія незалежныя медыя разбурылі сваю лагістычную мадэль, таму нават тым СМІ, якія не прызнаныя экстрэмістскімі, зараз цяжка зарабляць грошы і працягваць існаванне. А рынак рэкламы, па словах міністра інфармацыі Перцава, фактычна перастаў існаваць.

А многія медыя ўвогуле прызнаныя экстрэмісцкімі. У гэтай сітуацыі аўдыторыі робіцца небяспечным нават чытаць гэтыя медыя, не кажучы пра аднаўленне бізнэс-мадэлі, у якой яны маглі б падтрымліваць незалежныя выданні сваёй падпіскай ці праглядам рэкламы.

Калісьці Лукашэнка ўпэўнена казаў: прыйдзе час, калі я пацісну руку апошняму прадпрымальніку. Ці наступіць той час, калі ён пацісне руку апошняму журналісту ў Беларусі — не прапагандысту?

— Насамрэч, мы яшчэ не дайшлі да сітуацыі Савецкага Саюза, калі журналістыка цалкам была падпарадкаваная дзяржаве. Але нават тады, як толькі з’явілася акно магчымасцей, журналісты, якія працавалі ў дзярждаўных медыя (а іншых не было) пачалі раптам пісаць тое, што трэба людзям, а не начальству. А сёння ёсць інтэрнэт, якія звязвае беларускую аўдыторыю з беларускімі медыя ў выгнанні. Нельга казаць, што такім чынам можна знішчыць незалежныя беларускія медыя: яны працуюць для беларускай аўдыторыі, але выключаюць верагоднасць, што “прыйдзе Губазік і навядзе парадак”.

Паціснуць руку апошняму журналісту ў Аляксандра Лукашэнкі не атрымаецца ў прынцыпе.