Зарэгістраваная чарговая скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека

Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека зарэгістраваны зварот у КПЧ жыхара вёскі Буяны Віцебскага раёну Леаніда Здрэстава.



zdrestau.jpg

Актывіст вымушаны быў звярнуцца ў міжнародны орган па абарону пасля таго, як улады адмовілі яму ў дазволе на правядзенне пікету, а ўсе судовыя інстанцыі, у якіх ён спрабаваў быў абскардзіць гэтую адмову, — ад Кастрычніцкага райсуду Віцебску да Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь — сталі на бок уладаў.

Мэта пікету, які ў выніку забароны ўладамі Леанід Здрэстаў так і не зладзіў: інфармаванне жыхароў Віцебскай вобласці пра сістэматычныя парушэнні дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь яго правоў і законных інтарэсаў. Пікет быў забаронены намеснікам кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Віктарам Галанавым на той падставе, што арганізатар пікету не заключыў дамоваў са службай ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай, тым самым не выканаўшы патрабаванняў рашэння Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску».

Варта адзначыць, што ў пікеце мусіў браць удзел толькі адзін чалавек. Леанід Здрэстаў перакананы, што такое адзіночнае пікетаванне паводле свайго практычнага і юрыдычнага сэнсу ніяк не можа ўважацца за масавае мерапрыемства, таму адмова яму ў правядзенні акцыі на падставе заканадаўства аб масавых мерапрыемствах — гэта бязглуздзіца. Тым не менш беларускія суды гэтага аргументу не пачулі.

Леанід Здрэстаў — не першы жыхар Віцебшчыны, якому мясцовыя ўлады забаранілі пікет, які не змог адстаяць свае правы ў судах і які ў выніку звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека. Як правіла, КПЧ у такіх выпадках падтрымлівае заяўнікаў і прызнае, што ўлады парушылі іх правы на распаўсюд інфармацыі і публічнае выказванне сваіх меркаванняў. У сваіх рашэннях па гэткіх справах КПЧ звяртае ўвагу ўладаў Беларусі на неабходнасць прыняцця мераў па недапушчэнні такіх парушэнняў правоў чалавека ў будучыні.

Аднак у кабінетах беларускіх начальнікаў зважаць на рашэнні КПЧ не спяшаюцца. Рашэнне Віцебскага гарвыканкаму, спасылаючыся на якое за амаль пяць гадоў мясцовыя ўлады не дазволілі ў Віцебску ніводнай акцыі апазіцыянераў і грамадскіх актывістаў, скасоўваць, здаецца, ніхто не збіраецца. Як ніхто не збіраецца нешта мяняць і ў законе «Аб масавых мерапрыемствах», які дае права мясцовым уладам на ўласны одум забараняць грамадзянам ладзіць мірныя акцыі і публічна выказваць свае меркаванні, што несумяшчальна з прынцыпамі дэмакратыі.

"Віцебская Вясна"