Рудкоўскі: Замест рэформы арміі «папяровае апалчэнне»

«Народнае апалчэнне» можа стаць перастрахоўкай на выпадак, калі ўмоўны «Полк Каліноўскага» захоча выканаць сваё абяцанне і зрынуць нелегітымны рэжым.

_belarus_vajna_vaenny_ljudzi_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Планы беларускага рэжыму стварыць «народнае апалчэнне» нарабілі шмат вэрхалу. Як жа: вярхі задумалі паставіць пад ружжо 100-150 тысяч чалавек дый яшчэ маюць патаемную надзею, што колькасць дабравольцаў будзе куды большай.

Улада ўласнаручна выдасць зброю народу, які ўзбунтаваўся супраць яе два гады таму? Народу, які задыхаецца ад нечалавечых рэпрэсій?

Пра прычыны і наступствы «высокай ініцыятывы» «Новы Час» пагутарыў з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім.

— Навошта беларускі рэжым стварае народнае апалчэнне?

— Лукашэнка ўпершыню заявіў пра стварэнне «тэрытарыяльнай абароны», то-бок «апалчэння», яшчэ ў 2011 годзе. Што да матываў, то агучваліся дзве версіі: спроба перастрахавацца на выпадак унутраных выклікаў і апасенне нападзення звонку. Для мяне абедзве версіі не дужа пераканаўчыя. Калі ўнутраныя выклікі (пратэсты) не вельмі маштабныя, з імі прасцей справіцца з дапамогай падрыхтаваных структур МУС. А калі яны звышмасавыя, то ўзнікае рызыка, што частка апалчэнцаў пяройдзе на бок пратэсту. Што да пагроз звонку, цяпер, у адрозненне ад 2011 года, гэты матыў можа прысутнічаць. У прыватнасці, можа гэта быць нейкая перастрахоўка на выпадак, калі ўмоўны «Полк Каліноўскага» захоча выканаць сваё абяцанне звергнуць нелегітымны рэжым.

Але ёсць і больш банальнае тлумачэнне: імітацыя рэформы сістэмы абароны. Патрэба ў рэформе і мадэрнізацыі востра адчуваецца ў вайсковых колах, і няцяжка здагадацца, што на фоне вайны ва Украіне і мілітарызацыі ў рэгіёне адсутнасць спроб умацаваць беларускую армію выглядае больш чым дзіўна. Ключавая праблема: скуль узяць грошы на гэта? Але каб паказаць, што нешта робіцца, актывуецца вось гэтая даўняя ідэя з «апалчэннем». Вось, хай у сельсаветах збяруць па 50 «апалчэнцаў». Ніякіх выдаткаў, калі не ўлічваць выдаткі на паперу для мясцовых чыноўнікаў, на якой яны будуць адпраўляць наверх справаздачы аб працэсе стварэння апалчэння.

— Міністр абароны дэкларуе гатоўнасць паставіць пад ружжо 100-150 тысяч чалавек, якіх, як мінімум, навучаць карыстацца баявой зброяй. Хто ўвойдзе ў гэтае непрафесійнае войска?  

— Настаўнікі, механізатары, трактарысты, слесары — хто заўгодна. Складана сказаць, які адсотак будзе рэальна заангажаваны ў трэніроўкі і набудзе або ўзновіць ваенныя навыкі, але перакананы, што гэта будзе не вельмі вялікі адсотак, думаю, не большы за 50%. Значная частка, магчыма, большасць — гэта чыста «папяровыя» апалчэнцы (будуць фігураваць у справаздачах, але за гэтым нічога рэальнага не будзе стаяць).

— Ці разумна даваць зброю ў рукі тым людзі, якія два гады таму пратэставалі супраць гэтай улады?

— Вялікае пытанне, ці будзе гэта зброя ўвогуле давацца, а калі так, то на які час (на гадзіну, на дзве?). У мяне сумневы, што нават для трэніровачных мерапрыемстваў будзе прадугледжана баявая зброя. Перакананы, што ніхто не будзе раздаваць зброю тэарэтычным апалчэнцам на сталае захоўванне.

— Палітычны крызіс замарожаны, але не вырашаны. Якія наступствы для грамадства і краіны ў цэлым можа выклікаць з’яўленне такой узброенай сілы?

— Паколькі не веру ў тое, што за гэтай ініцыятывай будзе ісці рэальнае ўзбраенне часткі грамадства, то схільны лічыць, што сама гэта ініцыятыва асабліва не паўплывае на далейшыя працэсы.