Як арганізацыя Вольгі Карач трапіла у кампанію праціўнікаў зброі для Украіны?

У Еўропе і нават ва Украіне ёсць аб'яднанні, якія выступаюць супраць паставак зброі Украіне. Чытачы Е*рарадыё заўважылі, што ў ліку іх партнёраў ёсць беларуская грамадская арганізацыя, прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем у Беларусі, узначальвае якую Вольга Карач.

Вольга Карач. Фота: matuli.org

Вольга Карач. Фота: matuli.org


На сайце арганізацыі «Н*ш дом» ёсць ініцыятыва «Не — значыць не вайне ва Украіне». Там гаворыцца, што арганізацыя ў кааліцыі з партнёрамі заклікае да дэманстрацый ля амбасадаў Беларусі па ўсёй Еўропе. «Гэтыя пратэсты прыцягнуць увагу да недапушчальнасці далучэння Беларусі да Расіі ў нападзе на Украіну», — напісана там.

Таксама адзначаецца, што Расія не жадае спыняць вайну, заходнія краіны падтрымліваюць Украіну зброяй, а заклікі да перамоваў застаюцца непачутымі.


Украіне прапануюць негвалтоўны супраціў

Некаторыя ўдзельнікі гэтай кааліцыі адкрыта заклікаюць спыніць пастаўкі зброі ва Украіну. Напрыклад, адзін з такіх удзельнікаў — Agir pour la Paix — піша: «Мы рашуча выступаем супраць адпраўкі зброі ва Украіну, таму што ведаем, што яна распальвае канфлікт і прадухіляе перамовы, якія маглі б прывесці да міру».

У кааліцыю таксама ўваходзіць Украінскі пацыфісцкі рух. Яго кіраўнік Юрый Шэляжэнка выказваецца так: «Грошы [ЗША на зброю для Украіны] выдаткуюцца на геапалітычную гегемонію і ваенныя спекуляцыі за кошт дабрабыту амерыканскага народа. Так званы аргумент “абароны” выкарыстоўвае недальнабачнае, эмацыйна маніпулятыўнае асвятленне вайны ў карпаратыўных СМІ».

На думку Шэляжэнкі, акупацыю Украіны Расіяй можна было зрабіць «бессэнсоўнай і цяжкай праз адмову народа ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі сіламі, як прадэманстраваў негвалтоўны супраціў Індыі і Нідэрландаў».

Незразумела, як такі падыход мог дапамагчы, напрыклад, людзям у Бучы.

Буча пасля вызвалення ад расійскіх войскаў. Фота Зохра Бенсемра/Reuters

Буча пасля вызвалення ад расійскіх войскаў. Фота Зохра Бенсемра/Reuters


Галоўнае — каб беларусы не ваявалі

Тым часам Вольга Карач знаходзіцца ў пацыфісцкім туры ў Італіі з 20 па 26 лютага. Там жа выступіць Кацярына Ланько з Украінскага пацыфісцкага руху.

Па словах кіраўніцы «НД», яе асноўны мэсэдж на сустрэчах у Італіі, як і ініцыятывы «Не — значыць не», — гэта распаўсюдзіць ідэю пра тое, што беларусы не павінны ваяваць ва Украіне на баку Пуціна. Таксама тыя, хто адмовіцца ваяваць, павінны атрымаць гуманітарны калідор для выезду і падтрымку за мяжой.

Вольга Карач не адказвае прама, як ставіцца да паставак узбраенняў ва Украіну. Але тлумачыць, чаму яе арганізацыя увайшла у кааліцыю з партнёрамі, якія выступаюць супраць гэтага.

— У Заходняй Еўропе сапраўды шмат людзей і арганізацый, якія адкрыта выступаюць супраць зброі для Украіны і для любой краіны наогул. У іх ёсць мара: калі ніхто не бярэ зброю ў рукі, то ва ўсім свеце няма войнаў. Але, напрыклад, у Беларусі, калі мы не бярэм зброю на нашым пратэсце, то гэта зусім не значыць, што АМАП і ГУБАЗіК не бяруць яе і не ідуць нас забіваць. Але гэта філасофскае пытанне, — кажа Вольга Карач. — У мяне была прапанова ім [партнёрам] перафарматаваць дзейнасць. Калі яны не хочуць дапамагаць Украіне зброяй, хай дапамагаюць беларусам не трапіць у войска, не ісці на мабілізацыю, якую праводзяць Пуцін і Лукашэнка. І якраз пра гэта — наша кампанія.

Так, людзі змагаліся супраць зброі Украіне, цяпер яны змагаюцца за правы беларусаў, якія не хочуць ісці ў войска.

«Н*ш дом» таксама падтрымлівае Украіну гуманітарнай дапамогай, адзначае Вольга Карач.

Буча. Фота Зохра Бенсемра/Reuters

Буча. Фота Зохра Бенсемра/Reuters


Хто яшчэ ў Еўропе супраць паставак зброі?

У Германіі супраць паставак узбраення ва Украіну выступае правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі», а таксама прадстаўнікі Левай партыі.

«Левыя — гэта спадчыннікі гэдээраўскіх камуністаў. А другая партыя, створаная некалькі гадоў таму, "Альтэрнатыва для Германіі" — гэта правыя папулісты. І там, і там ёсць, па-першае, былыя грамадзяне Савецкага Саюза, ёсць людзі з відавочна прарасійскімі не толькі поглядамі, але і сувязямі, і ёсць вялікае падазрэнне ў расійскім фінансаванні», — адзначае ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.

Абедзве партыі падтрымлівалі Расію яшчэ да яе шырокамаштабнага ўварвання. А ў 2019 годзе зусім прапаноўвалі зняць з яе санкцыі. У 2018 годзе «Альтэрнатыва для Германіі» трапіла ў скандал з незаконным фінансаваннем з-за мяжы. Плацёж ішоў са Швейцарыі.

У Італіі выказаўся супраць падтрымкі Украіны зброяй лідар «Руху 5 зорак», экс-прэм'ер Джузэпэ Контэ. У 2018 годзе Контэ расказваў, што на сустрэчы з Пуціным у іх «зарадзілася сяброўства».

У верасні 2022 года Дзярждэп ЗША паведаміў, што Расія выдаткавала не менш за $300 млн палітычным партыям у больш чым 20 краінах. Тады італьянскім палітыкам прыйшлося апраўдвацца, што ніякіх грошай яны не атрымлівалі.

Таксама актыўна падтрымлівае Пуціна яго даўні сябар, прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Гэта дало падставу Міністру замежных спраў Славакіі Расціславу Качару заяўляць, што Орбан хоча «пуцінскага міру».

За гэта Венгрыя атрымлівае эканамічныя прэферэнцыі. У сакавіку 2022 года Орбан заявіў, што Венгрыі трэба падтрымліваць нізкія цэны на энерганосьбіты, абумоўленыя імпартам расійскага газу.