Рэжым падрыхтаваў законапраект «Аб народным апалчэнні» на выпадак вайны
Што гэта значыць? Паслязаўтра вайна? Якія захады плануюцца паводле гэтай паперкі?
Сёння, за некалькі дзён да першай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, сабралі нараду Савета бяспекі Беларусі, на якой разглядаюць змены ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі 2010 года і пытанне стварэння народнага апалчэння.
Паводле Лукашэнкі, якога цытуюць прарэжымныя СМІ, для забеспячэння спакойнага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, аб’ектаў эканомікі, інфраструктуры Беларусі ва ўмовах ваеннага часу створаны тэрытарыяльныя войскі. Іншыя сілавыя органы ў рамках кампетэнцыі вырашаюць таксама задачы па забеспячэнні абароны дзяржавы, зазначыў ён.
«У нашай дзяржаве выбудавана эфектыўная сістэма абароны дзяржавы. Яе аснова — Узброеныя сілы. Менавіта яны вырашаюць найбольш важныя задачы, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўсіх намаганняў дзяржавы ў яе абароне».
У чэрвені мінулага года Лукашэнка заявіў, што з улікам «негатыўнага ўкраінскага досведу» ён прыняў рашэнне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэнне, гэтую групку людзей».
У выпадку ваенных дзеянняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэння «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны».
21 кастрычніка на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі Лукашэнка падкрэсліў асаблівую важнасць для Беларусі тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння.
«Гэта значыць, кожны павінен умець ваяваць, страляць. У мяне і ў сям’і такі падыход, нягледзячы на тое, што я прэзідэнт. Мае дзеці ўсе вайскоўцы. І нават меншы. Яны рыхтуюцца сябе абараніць, і не толькі сябе — краіну трэба абараняць», — сказаў ён.
Як казаў кароль Францыі Людовік XIV, «Дзяржава — гэта я».
Нагадаем, тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» паведамляў раней:
«Пакуль расійская армія, губляючы танкі, праводзіць перагрупоўку, беларускія ўлады вырашылі зноў павялічыць сваю абараназдольнасць. Так, абараназдольнасць добрая. Надзейная абараназдольнасць, дай Бог кожнаму. Проста маленькая. Але на днях вырасла.
Па-першае, таму, што на ўкраінскай мяжы зноў перамаглі ўмоўнага праціўніка. Яго, праўда, столькі разоў перамагалі, што ад гэтага праціўніка ўжо мала што засталося, але тым не менш. Няхай не лезе.
А па-другое, першая валькірыя народнага апалчэння прызямлілася ў Клімавіцкім раёне. Ну ты памятаеш, яшчэ з вясны ўсе гэтыя планы пра вертыкальных байцоў, якім абяцалі бясплатныя пуцёўкі ў Вальхалу. Вось у Клімавіцкім раёне цяпер ёсць. Дваццаць два, адзін да аднаго, адборныя байцы. Нават з аўтаматамі. Я, праўда, не ведаю, выдалі ім аўтаматы назусім ці толькі далі патрымаць. Калі толькі патрымаць, то так несумленна. Без аўтамата ў руках пуцёўка ў Вальхалу не актывуецца».