Закрыты суд па «справе БелаПАН» прыпынілі мінімум на два месяцы
Прычынай называецца аднаўленне «працэсуальных дзеянняў» — гэта значыць, аднавілі расследаванне. У дачыненні да каго з падсудных яно адноўленае, невядома.
Такая фармулёўка азначае, што суд прыпынены мінімум на два месяцы, перадае Еўрарадыё са спасылкай на BPN.
Па «справе БелаПАН» пад суд трапілі Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў, Ірына Леўшына, Ірына Злобіна. Суд над імі пачаўся 6 чэрвеня. Справу разглядае Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме.
У абвінавачанні фігуруюць чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса: «ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў», «іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «здрада дзяржаве», «стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем».
БелаПАН — найстарэйшае ў Беларусі незалежнае інфармацыйнае агенцтва, якое існавала з 1991 года. 1 лістапада 2021-га КДБ прызнаў яго «экстрэмісцкім фармаваннем». Абвінавачанні ў стварэнні такога «фармавання» выставілі Леўшынай (яна была дырэктаркай інфармагенцтва), экс-кіраўніку кампаніі Наважылаву і былому намесніку дырэктара Аляксандраву.