Палітвязень Андрэй Скурко: «Усе дробныя нязручнасці мінаюць»
Жонка палітзняволенага кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко падзялілася нядаўнім лістом мужа.
Палітвязень Андрэй Скурко піша з-за кратаў на волю:
«…Мы хадзілі сёння ў клуб на відэалекцыю пра шкоду наркотыкаў — на вялікім экране. Я атрымаў вялізнае задавальненне — і інфармацыя новая, і само пачуцце, што ты можаш пайсці ў кіно. Нібы яшчэ адзін крок да вяртання ў нармальнае жыццё.
Я, як і ты, шчыра веру, што ўсё, Бог дасць, скончыцца добра і мы скора зноў будзем разам. Галоўнае — берагчы здароўе і блізкіх, захоўваць спакой і цярпенне. «Максімальна захаваць сябе для далейшага жыцця», як ты некалі сказала. Для мяне гэта, у тым ліку — напаўненне сэнсам і зместам майго цяперашняга перабывання. Усе дробныя нязручнасці мінаюць, а назбіранае ў сабе на будучыню — застаецца. Менавіта таму, мне здаецца, не варта на будучыню накопліваць у сабе нейкую злосць ці нянавісць. Згадаем Мандэлу ці Гандзі:)».
Нагадаем, 15 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў Скурко і Ягору Марціновічу па два з паловай гады калоніі. Іх абвінавацілі ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры» (ч. 2 арт. 216 КК).
Падтрымаць палітвязня лістом можна па адрасе: ПК №15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Андрэй Генадзьевіч Скурко.