У судзе Уладзіміра Гундара змясцілі ў клетку ў адных майтках, рукі прыкулі кайданкамі да кратаў
Уладзімір Гундар абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту. Палітвязень з другой групай інваліднасці ў зале суда стаяў у клетцы ў адных майтках, рукі былі прыкутыя кайданкамі да кратаў у расцяжцы. Жонка палітвязня Уладзіміра Гундара распавяла пра тое, што яна бачыла і чула на апошніх пасяджэннях па судзе па "справе Аўтуховіча".
Уладзімір Гундар абвясціў падчас катаванняў у судзе сухую галадоўку. Пра гэта распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку дачка палітвязня, Інга.
«У мінулы чацвер на пасяджэнні некаторыя ўдзельнікі суда, якія знаходзяцца на лаве абвінавачаных, звярнуліся да суддзі і пракурора з заявай, каб іх вопратку, у якой яны ідуць на суд, спынілі прасвечваць рэнтгенам, таму што гэта згубна ўплывае на здароўе чалавека. Перад тым, як правесці іх у залу суда, усю вопратку прасвечваюць рэнтгенам (нешта накшталт, як торбы ў аэрапортах прасвечваюць). Пасля гэтага вопратку людзі адразу адзяваюць на сябе.
Суддзя не адрэагаваў на гэтую просьбу — сказаў, што ён да гэтага ніякага дачынення не мае і гэта ўсё робіцца на меркаванне тых людзей, хто прыводзіць вязняў.
У панядзелак быў паўторны зварот да суддзі, але ўсё засталося гэтак жа і словы гаварыліся тыя ж.
Учора тата адмовіўся даваць на прасвечванне вопратку і сказаў, што, калі без гэтага нельга, то ён гатовы не ісці на пасяджэнне, а заставацца ў камеры. Тады яго на руках зацягнулі ў залу пасяджэння ў тым, чым быў апрануты і без абутку.
Адвакат Уладзіміра Гундара ўчора хадзіла на сустрэчу з намеснікам начальніка турмы з гэтым пытаннем (каб адмянілі прасвечванне). Безвынікова.
Сёння, наколькі я разумею, тата гэтак жа адмовіўся даваць вопратку. Вось тое, што ўбачыла татава жонка, калі яна ўвайшла ў залу пасяджэння (іх ўпускаюць пасля адвакатаў) Тата стаяў у клетцы ў адных майтках, рукі былі прышпіленыя кайданкамі да кратаў у расцяжцы. Вядома, тата шмат крычаў і вельмі моцна абураўся.
Калі ўвайшоў суддзя, адвакат папрасіла даць дазвол трохі аслабіць кайданкі або даць магчымасць тату сесці. Ігнор ад суддзі.
Тата заспяваў песню. Суддзя выслухаў і сказаў выдаліць з залы пасяджэння. Тады тата сказаў, што абвяшчае сухую галоўку, і калі да яго будуць прынятыя нейкія гвалтоўныя меры, сказаў, што ён ускрыецца.
Пасля выдалення таты з залы суда адвакат праз сакратара папрасіла суддзю дазволіць спатканне з татам для жонкі. Рэакцыі не было.
Калі суд абвясціў перапынак, адвакат асабіста папрасіла суддзю аб тым жа. Адказ быў, каб мы пісалі заяву ў рэспубліканскі (ці абласны, прабачце, не памятаю дакладна) суд».
Уладзіміра Гундара, 62-гадовага баранавіцкага актывіста і краязнаўцу, супрацоўнікі КДБ затрымалі паўтара гады таму. Уладзімір Гундар — інвалід 2-й групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпертанію і судзіннае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але той падчас затрымання сілавікі прымусілі зняць. Сваякі палітвязня просяць дапамогі грамадзянскай супольнасці, заклікаюць не застацца абыякавымі ды біць ва ўсе званы.