Мікалая Дзядка перавядуць з калоніі ў турму
У судзе Горацкага раёну 28 чэрвеня разглядзелі справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму».
У выніку суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці палітвязня з папраўчай калоніі ў крытую турму за «шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку».
Нагадаем, палітзняволенага журналіста «Новага Часу», блогера і актывіста-анархіста ў канцы сакавіка змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго перапіскі і пераследу тых асуджаных, якія з ім камунікуюць. Акрамя гэтага, з 15 па 24 красавіка палітвязня ўтрымлівалі ў ШІЗА па двух пратаколах.
У турме асуджаны да 5 гадоў калоніі Мікола прабудзе да канца ягонага тэрміну — 2 гады 10 месяцаў.
Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна білі і катавалі. Летась 10 лістапада суддзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
арт. 295-3 — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Дзядок віны не прызнаў і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: “Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіцця і прагрэсу. Мы ўсё роўна пераможам!”».