«Жаданні расійскай дзяржавы палягаюць у тым, каб беларусаў у Расіі не існавала»
Паводле афіцыйных вынікаў перапісу насельніцтва ў Расіі, які адбыўся ў 2021 годзе, у Расіі «знік» мільён беларусаў, піша на Радые Св*бода Алег Чайчыц. Цяпер афіцыйна беларусаў у Расіі прыкладна столькі ж, як расійскіх немцаў ці як малалікіх карачаеўцаў. Што гэта азначае?
У канцы снежня ў Расіі падвялі вынікі перапісу насельніцтва, які адбываўся ў 2021 годзе. Яны красамоўна паказваюць стаўленне расійскай дзяржавы да беларусаў як да этнасу. Афіцыйная колькасць беларусаў у Расіі імкліва зніжаецца.
Паводле вынікаў перапісу, беларусаў у РФ у 2021 годзе пражывала не 1,2 мільёна, як у 1989 годзе, а ўсяго 208 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж, як амаль зніклых за ХХ стагоддзе расійскіх немцаў ці як малалікіх карачаеўцаў. І менш, чым крымскіх татараў. Паводле перапісу 2010 года афіцыйная колькасць беларусаў складала 521 тысячу чалавек, што ўжо тады здавалася абсурдна малой лічбай.
Карціна нараджае думкі пра генацыд ці этнацыд: куды мог падзецца цэлы мільён чалавек за трыццаць гадоў? Куды за дзесяць гадоў падзеліся трыста тысяч?
Не кажучы ўжо пра тое, што ўвесь Сібір і расійскі Далёкі Усход населеныя людзьмі з беларускімі і ўкраінскімі прозвішчамі, а Смаленшчына, Браншчына і паўднёвая Пскоўшчына на перапісах насельніцтва ў Расійскай імперыі недвухсэнсоўна пазначаліся як населеныя пераважна беларусамі.
Рэальная колькасць этнічных беларусаў у Расіі яўна ніяк не менш за паўтара-два мільёны, а з нашчадкамі беларускіх перасяленцаў мінулых стагоддзяў і карэннымі смаленчукамі гэтая лічба можа складаць і тры, і чатыры мільёны.
У свой час высокапастаўлены расійскі беларус мне ў прыватнай гутарцы проста як відавочную і агульнавядомую рэч сказаў, што колькасць беларусаў у афіцыйных расійскіх перапісах штучна заніжаецца. Асабіста я не маю ў гэтым аніякага сумневу.
Расійская афіцыйная статыстыка не вартая даверу ў такой жа ступені, як і лічбы, што публікуе расійскі Цэнтрвыбаркам у якасці «вынікаў» сфальсіфікаваных расійскіх выбараў ці інфармацыя з вуснаў расійскіх афіцыйных асобаў. Рэальных лічбаў, хутчэй за ўсё, не мае і самое расійскае кіраўніцтва, якому чыноўнікі знізу рапартуюць толькі тое, што начальства хацела б пачуць.
Але апублікаваная інфармацыя, асабліва ў такой палітызаванай тэме, як этнічны склад, — гэта тое, што расійская дзяржава хацела апублікаваць, хацела прадставіць свету. Жаданні, пададзеныя як рэчаіснасць.
У Расіі і так не існуе беларускай адукацыі, беларускіх тэрытарыяльных аўтаноміяў (у раннія савецкія часы такія былі), а татальная большасць арганізацый беларускае дыяспары — гэта зямляцтвы пажылых выхадцаў з БССР, якія займаюцца выданнем кніг пра Машэрава і адзначэннем 9 траўня. І далей пакуль што будзе толькі горш.
Расійскі шавінізм — галоўны вораг Беларусі і беларусаў. Тое, што ў Расіі невядома куды «знік» мільён беларусаў — непасрэднае наступства таго, што шавінізм зрабіўся часткай расійскай дзяржаўнай палітыкі.