Рудкоўскі: Страх і Крэмль — вельмі ненадзейныя саюзнікі

На чым сёння трымаецца ўлада Лукашэнкі? Які рэсурс у наяўнасці мае беларускі рэжым? І якія фактары будуць вызначаць ягоны палітычны лёс?

fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Рэпрэсіі, падтрымка Крамля, лаяльнасць эліт і запалоханасць грамадства — гэтыя падпоркі не дазваляюць рэжыму разваліцца тут і цяпер. Аднак рэсурс рэжыму Лукашэнкі імкліва вычэрпваецца, таму ягонае выжыванне ў сярэднетэрміновай перспектыве пад вялікім пытаннем.

Лукашэнка адказаў на нелаяльнасць грамадства нечуванымі па маштабах і жорсткасці рэпрэсіямі, паабяцаўшы «дастаць кожнага» пратэстоўца. І ўжо добрыя два гады махавік рэпрэсій толькі набірае абароты.  Аднак утрымліваць уладу — гэта не бегаць па Мінску з аўтаматам без ражка. Міжнародная аблога, якая стала вынікам рэпрэсій і ўдзелу ў вайне, масавая эміграцыя з краіны, санкцыі вельмі балюча ўдарылі па беларускім рэжыме.

На чым сёння трымаецца ўлада Лукашэнкі? Які рэсурс у наяўнасці мае беларускі рэжым? І якія фактары будуць вызначаць ягоны палітычны лёс?

Пра сёння і заўтра беларускага рэжыму «Новы Час» пагутарыў з акадэмічным дырэктарам BISSПятром Рудкоўскім.

«Штыкоў» мала, рэжыму патрэбны мінімум яшчэ адзін рэсурс

— Рэжыму Лукашэнкі пасля падзей 2020 года неаднойчы прарочылі падзенне, аднак ён не толькі захаваўся, але актыўна зачышчае грамадска-палітычную прастору — топчацца па жыццях сваіх палітычных праціўнікаў. Узнікае пытанне: на чым трымаецца Лукашэнка цяпер, якім палітычным рэсурсам ён валодае? 

— З прароцтвамі так бывае. Напрыканцы 2019 года папулярным быў скептыцызм наконт пратэснага патэнцыялу беларускага грамадства. Пасля жніўня 2020 года шмат хто ўпаў у адваротную крайнасць і пачаў прарочыць немінучае падзенне рэжыму. Тым часам, як паказвае гісторыя, рэдка бывае, што аўтакратыя занепадае хутка пасля масавага выбуху пратэстаў. А ў нешматлікіх выпадках хуткага падзення (напрыклад, Туніс на пачатку 2011-га, Кыргызстан у 2005 і 2010 гадах) дэмакратыя аказвалася дужа хісткай, і праз нейкі час зноў сістэма пачала скачвацца ў аўтарытарызм. Беларускі ўздым 2020 года — гэта важны, магчыма, лёсавызначальны момант на шляху да дэмакратыі. На жаль, цаной гэтага ўздыму стала цярпенне тысяч людзей і іх сем'яў. Тым не менш, у грамадства з'явіўся багаты досвед і важны пункт аднясення, які будзе адыгрываць вялікую ролю ў будучым. 

Што тычыцца рэсурсаў лукашэнкаўскай улады, то яны такія: рэпрэсіі, падтрымка Расіі (якая спрыяе таксама лаяльнасці беларускіх эліт) і запалоханасць грамадства. Кожны з гэтых рэсурсаў вельмі няўстойлівы. Рэжыму патрэбны як мінімум яшчэ адзін рэсурс: калі не рост эканомікі, то, прынамсі, затрымка яе падзення. А тут перспектывы вельмі цьмяныя.

 — Ці можна ўтрымліваць уладу працяглы час на адных штыках? Ці ўсё ж штыкі — толькі адзін бок медаля?

— «Штыкі» — гэта самы эфектыўны спосаб пацыфікацыі грамадства, таму нічога дзіўнага, што практычна ўсе аўтакраты актыўна іх выкарыстоўваюць. Але ёсць адна праблема са штыкамі — яны эфектыўныя толькі ў кароткатэрміновай перспектыве. Так, людзей лёгка запалохаць — смерцю, калецтвам, зняволеннем, стратай блізкіх. Аднак жа страх — дужа некамфортны стан, і чалавек інстынктыўна імкнецца выйсці з яго. У Тунісе напрыканцы 2010 года нейкі лакальны канфлікт паміж вулічным гандляром і паліцыянткай справакаваў рэвалюцыйны ўздым, які цягам літаральна трох тыдняў зруйнаваў аўтакратыю. Хто мог падумаць паўгода ці год раней?! Страх — магутны рэсурс, але крайне ненадзейны. 

Што ж, наш рэжым спрабуе прымяняць іншыя рэсурсы: шукае новы спосаб легітымізаваць сябе: шляхам стварэння Усебеларускага народнага сходу (УНС), спрабуе паказаць сябе абаронцам «традыцыйных каштоўнасцей» і «гістарычнай памяці», ну і спрабуе прытварацца, што забяспечвае рост эканомікі. Але на фоне канфлікту з вялікай часткай грамадства і сыходу з дзяржсістэмы прафесіяналаў гэтыя альтэрнатыўныя рэсурсы функцыянуюць хутчэй як прыдатак да «штыкоў», а не як нешта, на што можна было б абаперціся пасля паступовага паслаблення гэтых самых «штыкоў». 

Страх прыходзіць і сыходзіць

— Аналітыкі «Беларускага трэкера перамен» сцвярджаюць, што ў лістападзе 2022 года рэйтынг даверу да беларускай улады падрос да 61,7% — з 53,9% у траўні. Сацыёлагі тлумачаць гэта не зменамі ў грамадстве, агучваюць толькі ўласную версію такой трансфармацыі, але факт росту даверу не ставяць пад сумнеў. Ці магчымы рост даверу да ўлад пасля падзей 2020 года ў прынцыпе? За кошт каго ці чаго?

— Яшчэ ў сакавіку мінулага года ў адным са сваіх інтэрв'ю я казаў, што на фоне вайны падтрымка рэжыму можа ўзрасці. І адразу тады падкрэсліў дадаткова: не варта панікаваць. Коратка паясню, з чым быў звязаны мой прагноз і чаму я не схільны гэта драматызаваць. Вайна ва Украіне і страх вайны ў самой Беларусі, вялікі масіў інфармацыі, моцныя эмоцыі — усё гэта не спрыяе рацыянальнаму асэнсаванню, затое спрыяе згуртаванню вакол фактычнага цэнтра ўлады. Пытанне легітымнасці адыходзіць на другі план. Таму я і папярэджваў, што можа адбыцца рост падтрымкі. 

Чаму я не схільны гэта драматызаваць? Страх прыходзіць і сыходзіць. Ключавое пытанне тут: што здарыцца, калі страх пачне слабець? Калі насельніцтва будзе гучна ставіць пытанні «У імя чаго?», «Ці варта было тое?», «Навошта ты прымусіў нас перажыць увесь гэты жах?».   

— Рост даверу да ўлады раўняецца росту даверу да Лукашэнкі? За 10 дзён дапрэзідэнцкіх выбараў 2020 года каляўладны Ecoom «намаляваў» беларускаму кіраўніку ўзровень даверу 78,1%, у той час як тагачасны дырэктар Інстытута сацыялогіі Генадзь Коршунаў у чэрвені казаў, што «ўзровень даверу Лукашэнку ў Мінску складае ўсяго 24%»… 

— Ecoom, гэтаксама як ЦВК пасля 1997 года, няма сэнсу ўспрымаць як крыніцу хаця б прыблізных даных наконт грамадскіх прэферэнцый. Ці можна трактаваць рост даверу да «ўлад» як рост даверу да Лукашэнкі?Хутчэй за ўсё, так, уважаючы на тое, што ў такой персаналізаванай сістэме «ўлада» асацыюецца перадусім з Лукашэнкам. Хіба што ў апытаннях фігуруе ўдакладненне тыпу «мясцовая ўлада». Але калі проста «ўлада», то, хутчэй за ўсё, асацыяцыя перадусім з Лукашэнкам.

— Што сталася з маўклівай большасцю, ці так званым «электаральным балотам»? Яно па змоўчанні выбрала бок пераможцы, пад якім сёння ўспрымаецца Лукашэнка?

— Зараз у грамадстве шмат дэзарыентацыі і разгубленасці. Уявіце сабе, што чалавек у лодцы апынаецца пасярод неспакойнага мора. Куды плысці, што рабіць і што думаць, невядома. У такой сітуацыі чалавек нашмат больш падатлівы на вонкавы ўплыў. То-бок, калі побач будзе таварыш, які будзе хаця б прытварацца рашучым, то першы чалавек, хутчэй за ўсё, пачне яму падпарадкоўвацца. Маральныя рысы або ранейшыя злачынствы таварыша адыходзяць на другі план.

У Беларусі далёка не ўсе знаходзяцца ў стане дэзарыентацыі, але цягам апошняга года яна, несумнеўна, пашырылася ў грамадстве. Суадносна з гэтым схільнасць падтрымліваць фактычнага кіраўніка ўзрасла. Але дэзарыентацыя, гэтаксама як страх, у любы момант можа развеяцца.  

Узаемазалежнасць беларускага рэжыму і Крамля

— Знешняя палітыка дэградавала да аднаго сегмента — да расійскага вектара, якім персанальна запраўляе Лукашэнка. Ці здольная адна Расія выцягнуць Лукашэнку з той багны, у якую сама ж і завяла?

— Ні пасля 2020-га, ні пасля лютага 2022 года Лукашэнка не памяняў Макея — спецыяліста па заходнееўрапейскім напрамку. Пасля смерці Макея кіраўніком МЗС прызначаны Алейнік — таксама спецыяліст па заходнееўрапейскім напрамку. Гэта паказвае, што гэты напрамак для рэжыму захоўвае значэнне, больш важнае, чым можа падавацца на першы погляд. Іншая справа — гэта глыбокая залежнасць ад Крамля.

Але і Крэмль у пэўнай ступені залежыць ад беларускага рэжыму. Крамлю цягам апошняга года прыйшлося пракаўтнуць шмат іміджавых удараў. Але калі б нешта такое прыляцела ад «апошняга саюзніка», то гэта магло б стаць надзвычай рызыкоўным выклікам для групоўкі Пуціна (маўляў, калі вы нават Беларусь не здолелі ўтрымаць, то вы — кончаныя лузеры). 

Выжыванне рэжыму: колькі яму засталося?

— Давайце падсумуем. На якіх стаўпах цяпер трымаецца рэжым Лукашэнкі і якія фактары будуць вызначаць яго палітычны лёс?

— Рэпрэсіі, падтрымка Крамля, лаяльнасць эліт і запалоханасць грамадства — гэта... «стаўпамі» складана назваць, але гэта тыя падпоркі, якія не дазваляюць рэжыму разваліцца тут і цяпер.

Становішча Расіі і эканамічны стан унутры краіны — гэта асноўныя фактары, ад якіх залежыць палітычны лёс у будучым. Расія, нават калі вайна зацягнецца або яе зыход будзе «нічыйны», будзе слабець. Эканамічнае становішча краіны залежыць ад чалавечага капіталу — наяўнасці ў краіне і ў дзяржструктурах прафесіяналаў і людзей з багатым ноу-хау. Шанцы ўзнавіць чалавечы капітал пакуль што вельмі цьмяныя, можна сказаць, ніякія.

Таму справа выжывання рэжыму ў сярэднетэрміновай перспектыве пад вялікім пытаннем.