Заходнерусізм: анатомія здрады

Анексія Крыму Расіяй і падзеі ва Украіне значна паўплывалі на актывізацыю дзейнасці прарасійскіх маргіналаў у Беларусі, якія вызнаюць заходнерускія каштоўнасці і адмаўляюць беларусам у іх праве на нацыянальную гісторыю і нават незалежнасць.



1914_a480.gif

Падаецца, што гэтую небяспеку, нарэшце, заўважыў і Лукашэнка. Падчас паслання Нацыянальнаму сходу і народу 22 красавіка ён, у прыватнасці, адзначыў, што «сёння з’яўляюцца дзіўныя разважанні наконт таго, што ў Беларусі, быццам бы, пачынаюць прыціскаць ні то рускіх, ні то рускую мову». «Канешне, большае глупства прыдумаць цяжка», — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Дык хто ж і як прасоўвае заходнерускія ідэі ў Беларусі і «крычыць пра тое, што ў нашай краіне рускіх «б’юць»?

Крым — пачатак?

Пасля аб’яўлення вынікаў рэферэндуму ў Крыме адзін з найбольш адыёзных расійскіх імперскіх сайтаў «Рэгнум» апублікаваў інтэрв’ю з удзельнікамі праекта «Заходняя Русь», які дзейнічае ў Беларусі.

Адзін з кіраўнікоў праімперскіх сіл на Беларусі Ігар Зелянкоўскі заявіў, што «падзеі ў Крыме важныя для сучаснікаў, таму што сімвалізуюць пачатак аднаўлення адзінства рускага свету і той часткі еўразійскай палітычнай прасторы, якая культурна і гістарычна адносіцца да тэрыторыі былой Расійскай імперыі».

Іншы ідэолаг заходнерусізму ў Беларусі Усевалад Шымаў сцвярджае, што падзеі ва Украіне звязаны з абуджэннем рускай ідэнтычнасці, карані якой у традыцыях маларасійства.

17 сакавіка на беларускім тэлеканале АНТ было паказана ток-шоў «Пазіцыя», якое таксама мела заходнерускую накіраванасць. Падчас перадачы гучалі думкі пра «бандэраўскую Украіну», пра «славянскае адзінства» і «ўзброены путч у Кіеве».

Пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка, якога раней запрашалі ў перадачу адыёзнага Уладзіміра Салаўёва на канале «Расія», заявіў, што, нібыта, «барацьба з праектам «Новая Украіна» — з’яўляецца справай гонару для ўсіх сумленных людзей». На яго меркаванне, «справа найбліжэйшай будучыні — супрацьстаяць спробам ператварыць Украіну ў аплот «дэмакратычнага» нацыянал-сацыялізму, які не быў дабіты ў 1945-м». Пры гэтым адэпт заходнерусізму назваў айчынныя нацыянальныя сілы «беларускімі шавіністамі», якія пужаюць народ страшылкамі. Гэтую думку працягнуў супрацоўнік навукова-даследчага інстытуту Узброеных сіл Беларусі Валер Сураеў, які адзначыў, што «беларускія нацыяналістычныя дзеячы запалохваюць беларускіх абывацеляў захопам іх краіны Расіяй».

Пуцін, мы чакаем цябе…

16 красавіка, напярэдадні «прамой лініі з Уладзімірам Пуціным» «расійскія суайчыннікі Беларусі» на чале са старшынёй Віцебскага грамадскага аб’яднання «Рускі дом» Андрэем Герашчанкам накіравалі расійскаму прэзідэнту зварот, у якім папрасілі таго падтрымаць рускае насельніцтва паўднёва-ўсходняй Украіны, якое змагаецца з «кіеўскай бандэраўска-фашысцкай хунтай».

Гэта, дарэчы, не першая чалабітная ў Крэмль з боку адэпта заходнерусізму з Віцебска. Падчас прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ў 2011 годзе былы беларускі чыноўнік заяўляў аб тым, што «з вяртаннем Уладзіміра Пуціна беларусы звязваюць пэўныя надзеі на абарону сваіх эканамічных і палітычных інтарэсаў». На думку «пісьменніка» Герашчанкі, у Беларусі нібыта фармуецца прарасійскі сектар грамадскага жыцця, які ўжо не асацыюецца з беларускай вертыкаллю ўлады. «З вяртаннем Пуціна заходнерусы звязваюць незваротную інтэграцыю Беларусі з Расіяй», — пазначаў той.

Заходнеруская ідэалагічная дыверсія

З аднаго боку, падаецца, што гэтыя перадачы і публікацыі
— усяго толькі меркаванні акрэсленай групы маргіналаў. Аднак не ўсё так проста. Вышэй узгаданыя ідэі тыражуюцца ў тым ліку праз дзяржаўныя СМІ. Антыўкраінскія заявы заходнерускай «пятай калонны» ў Беларусі прымушаюць задумацца над тым, што і беларускае грамадства да сённяшняга дня, на жаль, не кансалідавалася, і таму існуе пагроза яго расколу па «ўкраінскім сцэнары».

Увесь перыяд пасля падзення СССР жыхары нашай краіны вымушаны лавіраваць паміж беларускім «нацыяналізмам» і афіцыйнай беларускай ідэалогіяй, якая, у асноўным, базіруецца на выпрацаваных яшчэ ў савецкія часы пастулатах. Дадзеная складаная сітуацыя стварыла спрыяльныя ўмовы для дзейнасці ў Беларусі прадстаўнікоў заходнерускай, імперскай ідэалогіі. Ключавой праблемай з’яўляецца тое, што значная колькасць нашых грамадзян мае слабыя веды айчыннай гісторыі. З часоў Расійскай імперыі беларусам унушалася, што яны з’яўляюцца часткай расійскай цывілізацыі і, нібыта, уся іх гісторыя была звязана з Масквой. Пасля кастрычніка 1917 года царскія пастулаты былі «мякка» замененыя на бальшавіцкія, але ідэя імперскасці нікуды не знікла. На жаль, гэты прарасійскі накірунак часткова падтрымліваюць і сённяшнія беларускія ўлады.

Спроба перапісаць гісторыю Беларусі

Аналізуючы аспекты беларускай мінуўшчыны, адэпты заходнерусізму не вынаходзяць нічога новага, а толькі паўтараюць пастулаты часоў Расійскай імперыі і СССР. У прыватнасці, паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага яны называюць «польскімі», а рускіх намеснікаў у Беларусі Аляксандра Суворава і Міхаіла Мураўёва «клічуць» не інакш як «вызваліцелямі» і «нацыянальнымі героямі». На самай справе, паўстанні 1794 і 1863–1864 гадоў насілі нацыянальна-вызваленчы характар і былі накіраваныя супраць прыгнёту беларускіх земляў Расійскай імперыяй.

Зараз новым трэндам у працах ідэолагаў заходнерусізму ў Беларусі стала гісторыя Першай сусветнай вайны, 100-гадовыя ўгодкі якой адзначаюцца ў 2014 годзе. Так, падчас адной з нядаўніх канферэнцый адэпт імперскасці Аляксандр Гронскі абвінаваціў «Нашу Ніву» (гутарка ідзе пра выданне пачатку ХХ стагоддзя) у прагерманскіх і прааўстрыйскіх пазіцыях напярэдадні Вялікай вайны, назваўшы беларускую газету нацыяналістычнай. Гэта сцвярджэнне выклікана не жаданнем правесці аб’ектыўны гістарычны аналіз праблемы, а прагай барацьбы з усім беларускім. На самай жа справе, «Наша Нівы» аказала значны ўплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

На той жа канферэнцыі ўжо ўзгаданы раней Усевалад Шымаў паспрабаваў «выкрыць» вытокі беларускага нацыяналізму і «прагерманскага мырыянеткавага характару Беларускай Народнай Рэспублікі». Ідэолаг памылкова сцвярджае, што «выспяванне» ідэі беларускага дзяржаўнага самавызначэння ішло ў нетрах Расійскай імперыі. У рэальнасці ж для царскай адміністрацыі беларусы былі толькі паслухмянай зброяй у барацьбе супраць беларускага каталіцкага і польскага дваранства на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю імперыі. Ні пра якую незалежнасць і нават аўтаномію беларускіх тэрыторый пад уладай двухгаловага арла не магло быць і гаворкі.

А вось прадстаўнікі каталіцкага дваранства беларускіх земляў, супраць якіх праводзіла дыскрымінацыйную палітыку царская адміністрацыя, разам з інтэлігенцыяй упершыню ў найноўшай гісторыі паспрабавалі рэалізаваць ідэю беларускай дзяржаўнасці ў выяве БНР. Так, рэспубліка стваралася пры падтрымцы нямецкіх акупацыйных улад, але і БССР з’явілася не без удзелу чужой для беларусаў бальшавіцкай улады. Такімі былі гістарычныя рэаліі. І нягледзячы ні на што, першая ў ХХ стагоддзі спроба беларусаў абвясціць сваю незалежнасць заслугоўвае павагі і шанавання з боку цяперашніх грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Аналізуючы тэму Першай сусветнай у беларускім кантэксце, варта паказваць, што тая вайна прынесла Беларусі жудасныя выпрабаванні. Руска-германскі фронт падзяліў беларускія землі, сотні тысяч жыхароў нашай краіны апынуліся ў вымушаным бежанстве, жаўнеры-беларусы плацілі сваім жыццём за рэалізацыю амбіцый рускага манарха. Так, быў гераізм вайскоўцаў Рускага імператарскага войска, але былі і казакі, якія рэалізоўвалі тактыку «выпаленай зямлі» і гналі беларусаў на Усход як быдла.

Падрыхтоўка да інкарпарацыі

Да чаго ж на самай справе імкнуцца прадстаўнікі «прарасійскай грамадскасці» ў Беларусі? Трэба дакладна ўсвядоміць, што сучасныя прыхільнікі заходнерусізму спрабуюць зацвердзіць думку пра тое, што беларусы — гэта нібыта «частка вялікай рускай нацыі, нягледзячы на свае этнаграфічныя і культурныя асаблівасці».

Менавіта ў гэтым заключаецца асноўная небяспека з іх боку для фарміравання нацыянальнай беларускай ідэалогіі. Пастулат пра «агульнарускія карані беларусаў» перавандраваў з работ заходнерускіх ідэолагаў пачатку ХХ стагоддзя. І тады, і ў эпоху СССР, і зараз беларусаў спрабуюць прымусіць паверыць у тое, што яны ў этнічным сэнсе нічым не адрозніваюцца ад жыхароў спрадвечных рускіх тэрыторый. Раней любая праява беларускіх нацыянальных асаблівасцяў адразу ж трактавалася як «інтрыга польскай шляхты» або «буржуазны нацыяналізм». Зараз у матэрыялах прыхільнікаў заходнерусізму назіраюцца падобныя тэндэнцыі.

Дзейнасць заходнерусаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — гэта добра спланаваная акцыя, накіраваная супраць усяго беларускага. Больш таго, пасля ўкраінскіх падзей становіцца зразумелым, што Крэмль не адмовіцца ад імперскіх амбіцый. Асноўная задача ўсіх гэтых «публіцыстаў», «палітолагаў» і «гісторыкаў» увесці ў розумы нашых суайчыннікаў заходнерускія каштоўнасці і ліквідаваць іх нацыянальную самасвядомасць.

Гэта можа прывесці да жудасных наступстваў. У дадзенай сітуацыі беларуская інтэлігенцыя сваёй працай павінна данесці да нашага грамадства словы айчыннага класіка Уладзіміра Караткевіча: «Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ». Беларусы павінны ведаць і ганарыцца сваёй шматвяковай гісторыяй, культурай і нацыянальнымі традыцыямі. Гэта і з’яўляецца прышчэпкай ад заходнерускай хваробы.