У Маскве абверглі вынікі крымскага рэферэндуму

Савет пры прэзыдэнце Расіі заявіў: у Крыме за далучэнне да Расіі прагаласавала 50-60% пры яўцы ў 30–50%.



refer03.jpg

Пра гэта гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным сябрам Савета пры прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай суполнасьці і правах чалавека Яўгенам Бабровым, кіраўніком сеткі «Міграцыя і права» праваабарончага цэнтра «Мэмарыял» Святланай Ганушкінай і адвакатам сеткі Вольгай Цэйтлінай.

«На думку практычна ўсіх апытаных спецыялістаў і грамадзян: пераважная большасць жыхароў Севастопаля прагаласавалі на рэфэрэндуме за далучэнне да Расіі (яўка 50-80%), у Крыме па розных дадзеных за далучэнне да Расіі прагаласавалі 50-60% выбаршчыкаў пры агульнай яўцы ў 30 — 50%», — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле дакумента, жыхары Крыму галасавалі не стлькі за далучэнне да Расіі, колькі за спыненне, па іх словах, «карупцыйнага бязмежжа і зладзейскага засілля данецкіх стаўленікаў».

«А жыхары Севастопаля галасавалі менавіта за далучэнне да Расіі. Асцярогі перад незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі ў Севастопалі былі большыя, чым у іншых раёнах Крыму», — адзначаецца ў аглядзе.

У дакуменце прапануецца падоўжыць тэрмін прыняцця жыхарамі Крыма рашэння аб захаванні грамадзянства Украіны, па меншай меры, да 31 снежня 2014 года.

Паводле звестак самаабвешчаных уладаў Крыму, у Крыме 96,77% тых, хто прагаласаваў, падтрымалі далучэнне Крыму да Расіі пры яўцы 83,1%, у Севастопалі за далучэньне да Расіі прагаласавала 95,6 % выбаршчыкаў пры яўцы 89,5%.

Радыё “Свабода”