Забарона на прафесію. Як улады вынішчаюць журналістыку ў Беларусі

У Беларусі 27 журналістаў знаходзяцца за кратамі. Сайты незалежных медыя заблакаваныя, матэрыялы, сацсеткі і нават лагатыпы многіх з іх прызнаныя «экстрэмісцкімі», а людзей саджаюць за рэпосты. Героі вымушаныя адмаўляцца ад каментарыяў альбо хаваць свае імёны, зрэшты, як і тыя нешматлікія журналісты, якія засталіся ў Беларусі.

window_g93fdca041_1280.jpg

«Абвінавачанне абсалютна сталінісцкае»

Негалосная забарона на прафесію ў дзеянні, і гаворкі аб паляпшэнні сітуацыі пакуль не ідзе. Прыклад таму — гісторыя палітзняволенай журналісткі «Б*лсата» Кацярыны Андрэевай, якую асудзілі на два гады калоніі за тое, што яна вяла стрым з акцыі пратэсту ў Мінску ў лістападзе 2020 года. Тэрмін Кацярыны павінен быў скончыцца сёлета ў верасні, але нядаўна стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне.
— Мы амаль два месяцы нічога не ведалі пра яе статус і нават артыкул, па якім заведзена новая справа, было толькі вядома, што яе перавялі ў СІЗА для нейкіх працэсуальных дзеянняў, — гаворыць муж Кацярыны журналіст Ігар Ільяш. — Мы высветлілі, што адбываецца, толькі тады, калі ёй было выстаўлена канчатковае абвінавачанне і следства было завершана. Гэта адбылося ў пачатку красавіка. Ёй выставілі абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве, гэта артыкул 356 Крымінальнага кодэкса, ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Невядома, на падставе якіх падзей узнікла гэтая крымінальная справа. Ігар Ільяш не выключае, што гэта можа застацца засакрэчаным і пасля суда. Дату разгляду справы ў Гомельскім абласным судзе чамусьці не спяшаюцца прызначаць.
— Адзінае — відавочна, што гэтая новая справа звязаная з журналісцкай дзейнасцю Кацярыны.
За тыдзень да таго, як супраць Кацярыны Андрэевай распачалі новую крымінальную справу, Ігар бачыў яе на кароткатэрміновым спатканні ў калоніі. Па яго словах, тады ніякіх сігналаў пра тое, што можа з’явіцца новае абвінавачанне, не было.
— Абвінавачанне абсалютна сталінісцкае па сваім духу і не мае ніякага дачынення да рэальнасці, Кацярына цалкам невінаватая, — зазначае Ігар Ільяш.
Ён дадае, што журналістка адчувае сябе нармальна, наколькі гэта магчыма ва ўмовах зняволення, піша вершы і на ўмовы ўтрымання ў СІЗА не скардзіцца. Ліставанне са сваякамі стабільнае, а вось ад іншых людзей Кацярына амаль нічога не атрымлівае.

«Рэдакцыя страціла 1180 дзён журналісцкай працы»

8 чэрвеня пачнецца закрыты суд над фрылансерам радыё «Св*бода» Андрэем Кузнечыкам. Яго затрымалі ў лістападзе 2021 года, а пра тое, у чым яго абвінавачваюць, стала вядома толькі напярэдадні суда: арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім). Аляксандр Лукашук, дырэктар Беларускай службы радыё «Св*бода», узгадаў і пра іншых зняволеных супрацоўнікаў радыё: гэта Ігар Лосік, арыштаваны ў чэрвені 2020 года і асуджаны на 15 гадоў калоніі, Алег Груздзіловіч, якога затрымалі ў снежні 2021 года і асудзілі на 1,5 года зняволення. Усяго ў рэдакцыі пасля падзей 2020 года было арыштавана 10 чалавек, якія адбывалі адміністрацыйныя арышты і былі пакараныя штрафамі.
— 1180 дзён журналісцкай працы страціла рэдакцыя — менавіта столькі яе журналісты правялі ў турме, — зазначыў Аляксандр Лукашук.

Катаванне невядомасцю

За кратамі знаходзяцца і трое супрацоўнікаў «Новага Часу»: гэта галоўны рэдактар газеты Аксана Колб, журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок, якога асудзілі да 5 галоў пазбаўлення волі.
— Адно з катаванняў, якое застаецца родным, — гэта катаванне невядомасцю. Родным не паведамляюць нічога пра іх блізкіх за кратамі, — адзначыў Сяргей Пульша, рэдактар выдання «Новы Час». — Нам вядома, што Аксану Колб абвінавачваюць у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. Але ў чым выявіліся гэтыя дзеянні і ці звязана гэта з рэдакцыяй і журналісцкай працай Аксаны, нам не вядома. Мы зможам пра гэта даведацца падчас суда, але нават не ведаем, ці будзе ён адкрыты.
У такой жа сітуацыі інфармацыйнай ізаляцыі застаецца Дзяніс Івашын. Яму выставілі абвінавачанне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў.
— Але справа ў тым, што Івашын займаўся OSINT-расследаваннямі, якія прадугледжваюць узяцце інфармацыі з адкрытых крыніц, таму ён не мог распаўсюдзіць ніякую таямніцу, якая б знаходзілася пад грыфам «сакрэтна». Таксама Івашыну выставілі абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве, але, зноў жа, за што — невядома.
Мала вядома калегам і пра тое, у якім становішчы знаходзіцца Мікола Дзядок. Даходзіла інфармацыя, што яго змяшчалі ў ШІЗА і што адрасаваныя яму лісты паказальна знішчаюць перад ім, запісваючы гэта на відэарэгістратар.
Лісты пакуль даходзяць толькі ад Аксаны Колб, і тое не ўсе.
— Яна трымаецца бадзёра, малюе коміксы, і толькі ад яе мы нешта можам ведаць, бо афіцыйныя органы нічога не кажуць, адвакат пад падпіскай аб неразгалошванні, — рэзюмаваў Сяргей Пульша.

Абмежаванні перастаюць працаваць, бо людзі стаміліся

— Каманда «Новага Часу» зрабіла подзвіг: гэта было адзінае незалежнае беларускамоўнае друкаванае выданне, якое трапляла ў турмы, — падкрэсліла Настасся Роўда, дырэктар выдання «Наша Н*ва».
Яна распавяла, што яе палітзняволеныя калегі Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч, асуджаныя на 2,5 года калоніі за «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу», чакаюць этапавання ў калонію, іх апеляцыі не задаволілі. Лісты да іх пакуль даходзяць толькі ад сваякоў. Нядаўна вязні сустрэліся са сваімі роднымі.
Настасся Роўда зазначае, што калегі хоць стараюцца трымацца бадзёра, але выглядаюць змучанымі.Журналістка не хавае эмоцый: паводле яе, гэта ўсё катастрофа, ніхто не чакаў, што ўсё зацягнецца так надоўга. Улады імкнуцца вынішчыць журналістыку ў Беларусі, каб людзі ў краіне і свеце не ведалі праўды.
— Тыя метады, якія выкарыстоўвае ўлада для барацьбы са свабодай слова, па-за межамі нармальнасці, — падкрэслівае Настасся Роўда, узгадваючы, што пад пераслед часта трапляюць не толькі журналісты, але і іх сем’і.
Частка журналістаў увогуле вымушаная сыходзіць з прафесіі праз ціск, асабліва гэта тычыцца тых, хто застаўся ў краіне. А медыйшчыкі, якія з’ехалі за мяжу, вымушаныя думаць аб далейшай легалізацыі там, бо паляпшэння сітуацыі пакуль што не прадбачыцца.
У той жа час Настасся Роўда звяртае ўвагу, што людзі ўнутры Беларусі настолькі стаміліся ад абмежаванняў, калі, што б ты ні адкрыў (калі гэта не прапагандысцкі рэсурс), — усё «экстрэмізм», што гэта ўжо проста перастае працаваць.