Экс-выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава дасылае з-за кратаў цудоўныя партрэты
Палітзняволеная экс-выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава, асуджаная па «справе студэнтаў» да 2,5 гадоў калоніі, малюе партрэты блізкіх.
«Маляваць Оля пачала ў СІЗА: узяла просты аловак і пачала маляваць нашы партрэты па фота. Фота мы дасылалі ёй поштай. Паколькі можна было перадаць толькі дзве фатаграфіі, астатнія раздрукоўвалі на каляровым прынтары на звычайнай паперы.
Першай Воля намалявала сваю дачушку Машу: адзін у адзін — такая падобная! Воля натхнілася, што атрымалася так крута, і давай маляваць ужо нас усіх. Мой партрэт яна напісала ўлетку, але загадала выдаць мне яго на дзень нараджэння, а ён увосень. З таго часу і павялося: паколькі яна не можа рабіць падарункі блізкім на дні нараджэння і іншыя святы — стала маляваць і дарыць нам нашы партрэты», — распавяла CityDog яе сястра Марыя Філатчанкава.
Дасылаць лісты, каб падтрымаць Вольгу Філатчанкаву можна на адрас: ПК №4. 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Вольга Аляксееўна Філатчанкава