За 27 гадоў у Беларусі ад СНІДу памерла больш за 1,8 тысячы чалавек

З 1987 года па 1 лістапада 2013 года ў Беларусі памерла 3.340 ВІЧ-інфікаваных людзей, у тым ліку ў стадыі СНІДу — 1.878. Такія звесткі публікуе Нацыянальны статыстычны камітэт з нагоды дня барацьбы са СНІДам, які праходзіць ва ўсім свеце 1 снежня.



index6.jpg

За названы перыяд у Беларусі было зарэгістравана 15.412 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. З 2000 па 2012 гады узровень першаснага захворвання вырас у 2,4 разу, у тым ліку сярод жанчын — у 3,6 разу, сярод мужчын — на 94,8%.

Удзельная вага людзей ва ўзросце 15—29 гадоў у агульнай структуры ВІЧ-інфікаваных складае 59%, аднак апошнімі гадамі доля моладзі з упершыню ўстаноўленым дыягназам пастаянна змяншаецца. Калі ў 2005 годзе гэты паказчык складаў 56,2%, то ў 2012 годзе — 32,1%, а за 10 месяцаў 2013 года — 28,4%.

З 2000 года па 2011 гады ў Беларусі адзначалася павелічэнне долі ВІЧ-інфікаваных жанчын — з 31,3 да 48,1%. У 2012 годзе ў параўнанні з папярэднім годам доля ВІЧ-інфікаваных жанчын знізілася на 4,1%. За 10 месяцаў 2013 года ўдзельная вага жанчын у агульнай колькасці ВІЧ-інфікаваных склала 48%.

Як вынік, расце колькасць інфікаваных дзяцей, народжаных ВІЧ-станоўчымі маці: калі ў 2000 годзе такіх дзяцей было пяць, то ў 2012-м — 16. За ўвесь перыяд назірання зарэгістраваны 243 выпадкі ВІЧ-інфекцыі сярод дзяцей да 14 гадоў.

З 1996 года самай непаспяховай па распаўсюджанні ВІЧ-інфекцыі з'яўляецца Гомельская вобласць, дзе ўзровень першаснага захворвання значна вышэйшы за сярэднерэспубліканскі. У 2012 годзе ён склаў 33 зарэгістраваныя выпадкі на 100 тысяч насельніцтва вобласці, у той час як у цэлым па краіне гэты паказчык складае 12,9. Самы нізкі ўзровень першаснага захворвання на ВІЧ-інфекцыю летась зарэгістраваны ў Гродзенскай вобласці — пяць выпадаў на 100 тысяч чалавек.

Згодна з вынікамі Многаіндыкатарнага кластарнага абследавання па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын (МІКС4), праведзенага Белстатам у 2012 годзе, 99,9% жанчын і 99,7% мужчын ва ўзросце 15—49 гадоў чулі пра ВІЧ або СНІД. 97,1% жанчын і 95,2% мужчын ведаюць, дзе можна прайсці тэставанне на ВІЧ.

Праходзілі тэставанне на ВІЧ прыкладна 80% жанчын, прычым 26,4% — на працягу апошняга года. Сярод мужчын пра ВІЧ-статус даведваліся 63,9%, на працягу апошніх 12 месяцаў — 21,1%.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, агульная колькасць ВІЧ-станоўчых людзей дасягнула 35,3 млн. У 2012 годзе інфекцыю набылі прыблізна 2,3 млн. чалавек, а 1,6 млн. чалавек, уключаючы 10 тысяч дзяцей, памерлі ад прычын, звязаных са СНІДам.

БелаПАН